Пе́нсія, пэ́нсія, пэ́нсыя ’штомесячнае грашовае забеспячэнне ў старасці, заработная плата’ (ТСБМ, Яруш., Сл. ПЗБ), ’жалаванне, узнагарода’ (Шпіл.). З польск. pensja, penzja ’сталае гадавое жалаванне, плата’, якое з лац. pēnsio ’ўзнагароджанне, плата, плацеж’.
Пераймо́ ’узнагарода, плата за знойдзенае (рэч), або за перанятую скаціну’ (Нас., Гарэц., Чач., Шат., Касп.; Нік. Напаў.), пірайма́ ’тс’ (Варл.), перэймо́ ’своеасаблівы выкуп на вясковым вяселлі’ (Растарг.); укр. харк. пере́йма ’узнагарода за злоўленае на рацэ’, рус. пере́йма ’плата за аддадзеную знаходку’. У гэтым значэнні — усх.-слав. лексема. Аднак, прыняўшы пад увагу іншыя значэнні ўкр., рус. пере́йма, польск. przejm, przejma ’перарванне, перагародка; папярочка паміж бэлькамі ці кроквамі’, н.-луж. pśejma ’перагародка; шчыліна; перашыек, праліў’, славен. prejèm ’прыём, атрыманне’, prejémek, prejémki ’заробак, плата’, можна меркаваць пра прасл. *per‑jьmъ/*per‑jьma/*per‑jьmo. Да перайма́ць (гл.). Сюды ж пі́рійма ’наперарэз’ (Юрч. СНЛ).
◎ Перасу́дак (пірясу́дык) ’паўторны суд’ (Юрч. СНС). Ст.-бел. пересудь ’судовая пошліна; плата суддзі і падсудку за разгляд справы’, у значэнні ’паўторны судовы разбор’ вядома з 1229 г. Да пера- і суд (гл.). Параўн. польск. przesądzić ’асудзіць паўторна’.