Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Зара́, зо́ры ’яркая афарбоўка гарызонта пры ўсходзе і заходзе сонца’, ’зорка’. Рус. заря, зори ’афарбоўка гарызонта’, дыял. пенз., кур. утренняя, вечерняя заря ’планета Венера’, укр. зорязорка’, ’афарбоўка гарызонта’, польск. zorza, уст. zarza, н.-луж. zoŕa, в.-луж. zerja ’афарбоўка гарызонта’, палаб. zöri, ’тс’, чэш. zora ’зара’, záře, zář ’святло’, славац. zora ’афарбоўка гарызонта’, славен. zárja, zórja ’тс’, серб.-харв. зо̀ра ’тс’, балг. заря, зора̀, за̀ра ’тс’, макед. зора. Ст.-слав. зарꙗ ’святло, ззянне’. Ст.-рус. заря, зара ’святло, зара’ (XI ст.). Таго ж і.-е. кораня, што зрок, зрэнка (гл.): *gʼher‑ ’ззяць, блішчаць’. Прасла zora, zara (адкуль з суфіксам ‑j‑a: zarja > рус. заря і інш.) мае роднасныя: літ. žarijà ’гарачае вуголле’, ст.-прус. sari ’жар’, літ. žarà ’зара’, англ. gray ’шары’. Пра семантычнае адрозненне зоря, заря гл. Якабсон, Writings, 2, 628; Фасмер, 2, 81; Шанскі, 2, З, 61; Траўтман, 336; Покарны, 1, 441–442; БЕР, 1, 654–655; Скок, 3, 660; Махэк₂, 710. У зах.-рус. адбылася семантычная дыферэнцыяцыя ’зорка’ і ’афарбоўка неба’, прычым першае значэнне замацавалася за лексемай бел. зорка (гл.), укр. зірка.

*Зары́ць, зоры́ты ’спаліць (на сонцы збожжа)’ (кобр., Жыв. сл.), зоры́тысь ’даспяваць’, ’загараць’ (драг., Клім.). Рус. дыял. зо́рить ’пакідаць на корані для даспявання, даспяваць’. Славен. zoríti ’рабіць спелым’, серб.-харв. зо̀рити ’стаць спелым’. Ц.-слав. зорити ’даць даспець’. Таго ж кораня, што рус. зреть ’спець’ з іншай ступенню чаргавання галоснага: *zьr‑/*zor‑ з і.-е. *gʼer‑ ’спець, старэць, церці’: грэч. γέρων ’стары’, ням. Kerl уст. ’стары чалавек’, да гэтага ж кораня зерне. Старое значэнне захавалася ў зоры́тысь ’даспяваць’, адкуль ’спаліць (тое, што раскладзена на сонцы для даспявання)’. Фасмер, 2, 104–105; Траўтман, 371–372; Покарны, 1, 390–391; БЕР, 1, 656. А. Ф. Жураўлёў (пісьм. паведамл.), указваючы на абрад выстаўлення зерня для даспявання пад свет зорак, дапускае магчымасць сувязі з зорка, зорыць (гл.).