Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні

Во́траніца ’адгароджанае бярвеннямі месца для ссыпу мякіны ў таку’ (Шатал.). Ад вотраны (гл. вотрыны) з суф. ‑іца.

Во́труб’е (БРС, Нас., Касп., Мядзв.), во́траби ’вотруб’е’ (Грыг.), во́трубы ’высеўкі’ (Сцяшк.). Рус., укр. о́труби, ст.-рус. отруби, польск. otręby, otręba (каля 1500 г.), чэш. otruba, славац. otruby, в.-луж. wotruby, н.-луж. wótšuby, каш. otrąbë, серб.-харв. otrubi, славен. otrȏbi. Прасл. *otrǫba, otrǫbi. Да рубіць (гл.), літаральна ’тое, што адсечана ад зерня’ (гл. Праабражэнскі, 1, 670; Фасмер, 3, 173; Махэк₂, 423; Брукнер, 386 і наст.). Міклашыч (228) і Шпэхт (267) мяркуюць, што слова роднаснае цярэць і ўтворана ад адпаведнай асновы з дапамогай суф. ‑ǫbь. Машынскі (Pierw., 318) падтрымлівае гэту этымалогію, спасылаючыся на рус. вы‑торкі ’вотруб’е’. Апошняя версія, прымальная ў семантычных адносінах, мала верагодна з пункту погляду словаўтварэння.

Во́трыны, вотрана ’адходы пры ачыстцы зерня’ (Яруш., Касп., Бяльк., Мядзв., Шн., Жд., 1, Шатал.), во́трына ’пустыя каласы і дробная салома, якія застаюцца пасля малацьбы’ (Нік., Оч., 102), Рус. во́тря, во́трина ’тс’, укр. три́ни ’перацёртая салома’, польск. trzyny ’апілкі’, чэш. oteřiný, íny (sena) ’дробныя рэшткі сена, якія рассыпаліся’, славац. oteriny ’апілкі’, серб.-харв. три̏не ’мякіна’, славен. trica ’адходы пры ачыстцы льну’, балг. три́ци ’мякіна’. Прасл. trina, trini (параўн. літ. trinù, trìnti ’праціраць, пілаваць, зношваць адзежу’, лат. trinu, trît ’тс’. Да terti (гл. цярэць) (Праабражэнскі, 2, 167; Фасмер, 3, 172; Брукнер, 579; Махэк₂, 658 і наст.). Семантыка і словаўтварэнне іншаславянскіх адпаведнікаў сведчаць супраць гіпотэзы Тапарова (Прус., 174) аб магчымасці аднясення рус. і бел. слоў да кораня *vě(ja)ti (г. зн. вотрыны ’тое, што адвеяна’; параўн. рус. отве́й, отве́в ’дробнае шалупінне, якое атрымліваецца пры веянні’) і выдзялення тут суф. ‑tr‑. Да кораня ter‑, як мяркуе Кошалеў, адносіцца рус. трын-трава (ЕіЛ, 19, 4, 105). Адносна форм без ‑ін‑ гл. атора.

Во́тум (БРС). Запазычанне з лац. votum праз рус. во́тум (Крукоўскі, Уплыў, 80). Ст.-бел. вотум ’голас’ з польск. wotum < лац. votum (Булыка, Запазыч., 19).

Во́тхлань ’чысцец’ (Шн., 2). Гл. атхлань.

Во́тчым ’айчым’ (Касп., Шат.). Рус. во́тчим, о́тчим, укр. вітчим, рус.-ц.-слав. отъчимъ, польск. ojczym, в.-луж. wótčim, чэш. otčim, славен. očim. Гл. айчым.

Во́тчына ’спадчыннае зямельнае ўладанне, бацькаўшчына’ (БРС, Нас.); ’пасека, прыдатнае для пчол месца’ (Маш., рэч.; Яшк., стол., слаўг.). Ст.-бел. отъчина ’спадчыннае зямельнае ўладанне, бацькаўшчына’, ст.-рус. отъчина, ст.-слав. отъчина ’тс’, рус. перм., казан. вотчина ’спадчыннае ўладанне’; ’пасека’. Да otьcь (гл. ацец) (Фасмер, 1, 359; Трубачоў, История терм., 27 і наст.). Значэнне ’пасека’ развілося, відавочна, з абазначэння аднаго з відаў маёмасці, атрыманай у спадчыну; параўн. ст.-рус. отчина бортная (Сразнеўскі, 2, 831), н.-луж. і в.-луж. dźědźica ’сасна з борцю’ (Шустэр–Шэўц, Probeheft, 53) ад děditi ’даставаць маёмасць у спадчыну’. Вотчына ў першым значэнні ў суч. бел. літ. мове, магчыма, запазычанне з рус. (Крукоўскі, Уплыў, 28). Параўн. вотчыч.

Во́тчыннік ’спадчынны ўладальнік’ (БРС, Нас.). Рус. во́тчинник ’тс’. Да вотчына (гл.). У сучаснай бел. мове з’яўляецца запазычаннем з рус. (Крукоўскі, Уплыў, 28).

Во́тчыч ’пчаляр’ (Маш., рэч., Янк. II, глус.), воцціч (Мат. Гом.), отчыч (КТС) ’тс’. Рус. вотчинник ’уладальнік вотчыны (пасекі), пчаляр’, укр. палес. вочичь ’пчаляр’. Да вотчына ’пасека’ (Малько, БЛ, 9, 57). У семантычных адносінах параўн. ст.-в.-луж. dedicz, dediczer ’пчаляр, бортнік’ (Шустэр–Шэўц, Probeheft, 53). Гл. таксама воччан.