А́стра ’садова-дэкаратыўная расліна Aster L.’ (БРС). Рус., балг. астра, укр. айстра, гайстра, польск. aster, чэш., славац., славен. astra. З рускай (Крукоўскі, Уплыў, 88), дзе з канца XVIII ст. (Шанскі, 1, А, 166). Рускае слова лічаць запазычаным з ням. Aster ці франц. aster (Фасмер, 1, 94), што, аднак, не тлумачыць рускія формы. Хутчэй трэба лічыць непасрэдным запазычаннем з лацінскай, дзе astrum, aster мае ў множным ліку форму astra, якая і была запазычана. Лацінскае з грэч. ἀστήρ ’зорка’; назва кветкі паводле яе формы ўжо ў грэчаскай.
Астрано́мія. Ст.-рус., ст.-слав. астрономиꙗ. Зыходнае слова — грэч. ἀστρονομία (’зорка’ + ’закон’). Непасрэдна з грэчаскай запазычана форма з націскам на перадапошнім складзе (Бярында: астрономи́я); націск на ‑но‑ ўказвае на лацінскую ці польскую крыніцу для сучасных беларускай, рускай, украінскай форм слова (Краўчук, ВЯ, 1968, 4, 123; Булыка, Запазыч., 32). Недакладна Юргелевіч, 128; наўрад, ці праз рускую, як у Крукоўскага, Уплыў, 90. Астрано́м можна лічыць непасрэдным працягам старарускай формы: (XIII ст.) (Шанскі, 1, А, 167), таму думка Фасмера, 1, 94, пра запазычанне ў XVIII ст. недакладная; стараруская з грэчаскай. Паводле Булыкі, ст.-бел. астрономъ праз польскую з нямецкай. Астрало́гія — з грэчаскай (аднак тыя ж заўвагі пра націск, што і пра астраномія), гл. Фасмер, Этюды, 37. Пра словы астрономия, астрология ў старабеларускай гл. Гіст. мовы, 1, 146, 284; Гіст. лекс., 126, 219. Астрало́м ’астраном’ (Касп.) скажэнне, магчыма, у выніку кантамінацыі астраном і астралог.