Сток ‘спад, сцёк’ (Ласт., Бяльк.; беласт., Сл. ПЗБ), ‘месца, дзе сходзяцца канцы (вобада, абруча і інш.)’ (ТС), сто́кі ‘крыж, сярэдзіна, паясніца’, ‘падстаўка пад вулей’, ‘сутокі’ (Сцяшк. Сл.), сто́чкі ‘сутокі’ (Жд. 3). Укр. стік, сток ‘сутокі’, рус. сток, сто́ки ‘тс’, польск. stok ‘сутокі, скат, сцёк, ручай’. Да цячы, ток (гл.).
Стрэ́лка 1 ‘невялікая страла’, ‘указальнік (у тым ліку ў гадзінніку)’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр.; Стан.), ‘вага ў студні з жураўлём’ (мазыр., ДАБМ, камент., 809), ‘пяро цыбулі, якое дае насенне’ (бых., Янк.; маладз., Гіл.; Барад., Сл. ПЗБ, ТС, Ян., Шатал.), ‘адростак пяра пасля лінькі птушак’ (бярэз., Сл. ПЗБ; мін., Шатал.), ‘тыльны надкапытны сустаў у жывёл, косць гэтага сустава’ (Сл. ПЗБ), ‘прамежак у капытах жывёлы’ (Сл. ПЗБ), ‘ніз капыта ў каня’ (ТС), ‘лядзяш’ (хойн., Шатал.; калінк., Сл. ПЗБ; Мат. Гом.; хойн., Шатал.), стрылкы́ ‘насенне сланечніка’ (Сл. Брэс.). Памяншальнае ад страла 1 (гл.), намінацыі на аснове знешняга падабенства.
Стрэ́лка 2 ‘страказа’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Касп., Нік. Очерки; рас., Шатал.; в.-дзв., смарг., паст., даўг., Сл. ПЗБ; ЛА, 1, Стан.), стрэ́лашніца ‘тс’ (Жд. 1). Да папярэдняга слова.
Става́ць ‘з’яўляцца’ (Ласт., Сл. ПЗБ), ‘быць дастатковым, хапаць’ (ТСБМ, Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС). Укр. става́ти(ся) ‘станавіцца, рабіцца; хапаць’, рус. дыял. става́ть ‘тс’, ц.-слав. ставати ‘станавіцца’, польск. stawać ‘уставаць, падымацца на ногі; затрымлівацца’, чэш. stávat se ‘станавіцца, рабіцца, здарацца’. Паводле Борыся (576), прасл. *stavati ‘затрымлівацца; падымацца’, шматкратны дзеяслоў ад *stati (гл. стаць).
Ступа́ць ‘крочыць, ісці’ (ТСБМ, Нас., Ласт., ТС), ступану́ць ‘ступіць’ (Нас.; брасл., Сл. ПЗБ). Параўн. укр. ступа́ти, рус. ступа́ть, польск. stąpać, в.-луж. stupać, н.-луж. stupaś, чэш. stoupali, славац. stúpať, серб.-харв. сту́пати, славен. stọ́pati, балг. стъ́пям, макед. стапува. Прасл. *stǫpati ітэратыў да *stąpiti ‘ступіць’, гл. ступіць (Бязлай, 3, 321; Борысь, 577).
Стро́і 1 ‘уборы, убранне’ (ТСБМ, Касп., Байк. і Некр., Сцяц. Сл.), стро́іцца ‘прыбірацца, святочна адзявацца’ (Ласт.), ‘апранацца’ (Сл. Брэс.), ‘упрыгожвацца, аздабляцца’ (Варл.), ст.-бел. строи: строи ихъ — все звѣринные скуры (XVIII ст., Моўн. адзінкі і кантэкст, Мн., 1992, 214). З польск. strój, stroić ‘тс’.
Стро́і 2: бабро́выя стро́і ‘бабровы струмень’ (Сержп. Прымхі). Гл. струмень.
Сты́нка ‘азёрная корушка, сняток Osmerus eperlanus’ (Ласт., Жукаў; мёрск., Жыв. НС; Байк. і Некр., Сл. ПЗБ, Касп.). Праз польск. stynka ‘тс’ з ням. Stint ‘тс’; гл. Брукнер, 524; Нававейскі, Zapożyczenia, 116; Фасмер, 3, 789; Усачова, Слав. ихт. терм., 49. Герд (Бел. лекс., 37) мяркуе пра лакальнае запазычанне з літ. stinka, stinta ‘тс’ у суседнія гаворкі.
Стрымбу́ль ‘цыбур’ (Сцяшк. Сл.; шчуч., З нар. сл.), ‘кветаноснае сцябло’, ‘сцябло’, ‘стрыжань пяра’ (шчуч., ваўк., дзятл., ігн., Сл. ПЗБ), стры́мбуль ‘худы, высокі, нязграбны чалавек’ (Федар. 4); сюды ж стрымбу́лік ‘кветка “таўкачы”’ (Сцяшк. Сл.), стрымбе́льнік ‘баркун, Melilotus officinalis (L.)’ (Ласт.). Паводле Сл. ПЗБ (4, 607), з літ. strim̃bas ‘тс’, параўн. таксама літ. stramblỹs ‘сцябло’ (Лаўчутэ, Балтизмы, 73, 132).
Станаўні́к ‘талакнянка’ (Сл. ПЗБ, Сержп. Прымхі), станаўнік бабскі ‘грушанка зеленаватая, Pyrola virescens Schweig.’ (брэсц., Кіс.), станоўнік бабскі ‘рамішыя аднабочная, Ramichia opiz secunda (L.) Garcke’ (Ласт.; маг., Кіс.), стано́ўнік ‘крываўнік’ (ПСл), станаві́к ‘лекавая расліна’ (Скарбы). Параўн. укр. стано́вник, стоно́вник ‘расліна Pyrola L.’. Утвораны ад станавіць ‘ставіць; ставіць на месца’ < ставіць (гл.), параўн. як зрушан жывот, та пʼюць… станаўнік (Сержп. Прымхі, 226).
Ста́чыць ‘задавальняць’ (Ласт.), ‘быць дастатковым’ (ТС), ста́ча ‘дастатак’ (Сл. рэг. лекс.). Рус. зах., паўд. ста́чить ‘хапаць, быць дастатковым’, польск. starczyć (з XV ст.), ст.-польск. staczyć, чэш. stačit, славац. stačiť ‘тс’. Паўн.-прасл. *statъčiti ‘быць дастатковым’ утворана ад прасл. *statъkъ ‘статак’ (Брукнер, 514; Фасмер, 3, 749; Голуб-Копечны, 348; Борысь, 575).
Стачы́ць ‘сцэджваць, зліваць рэшткі’, сто́чваць ‘тс’ (Нас.). Гл. тачыць 3 ‘ліць’.
Сту́сіна, стусі́на ‘прут, дубец; гібкае пугаўё’, перан. ‘пра высокага тонкага чалавека’ (ТСБМ, Ласт., Касп.), ‘гібкае дрэўца для пугі’ (Пятк. 1, Арх. Федар.; гродз., Нар. сл.), ‘чалавек высокага росту’ (ушац., там жа), сту́сінка ‘чаранок, палачка’, сты́сіна ‘доўгая тонкая галіна’ (Сцяшк. Сл.). З польск. stosina, дыял. stysina, stusina (stósina) ‘тс’, што да ням. Stoß ‘удар’, гл. Глінка, Бел.-польск. ізал., 28; магчыма пасрэдніцтва мовы ідыш (спалучэнне ст‑ замест шт‑).