Турку́с ‘непразрысты каштоўны камень, біруза’ (Ласт.), ст.-бел. туркусъ, туркосъ ‘тс’ (1541 г.), туркусовый ‘блакітны, бірузовы’ (ГСБМ). Запазычана са ст.-польск. turkus ‘тс’, якое з ням. Türkis ‘тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 142); апошняе з франц. субстантываванага turquoise ад turguois ‘турэцкі’, г. зн. ‘турэцкі каштоўны камень’ (Duden. Etymologie, 872).
Ту́ба ‘музычны інструмент’, ‘цюбік’ (ТСБМ), ‘рупар’ (Ласт.). Запазычана праз нямецкую мову з італ. tuba ‘музычны інструмент’, якое з лац. tuba ‘труба’, вядомае яшчэ з часоў Старажытнага Рыма, пры дапамозе слова падавалася каманда да наступу або адступлення войска. Магчыма, з’яўляецца роднасным лац. tībia ‘жалейка’, ‘галёначная косць’ (ЕСУМ, 5, 666; Арол, 4, 112).
Тулумба́с ‘старажытны ударны інструмент’ (ТСБМ), таламба́с ‘літаўра’ (Ласт.). У якасці зыходнага лічыцца тур. tulumbaz ‘бубнач, барабаншчык’ (Фасмер, 4, 118; ЕСУМ, 5, 673); хутчэй за ўсё, праз укр. тулумба́с, таламба́с ‘тс’, польск. tułumbas, tołombas, tołumbas ‘турэцкі вайсковы барабан’, параўн. таксама серб.-харв. таламба́с ‘літаўра, барабан’, якое лічыцца балканскім турцызмам (Скок, 3, 437).
Турусня́к ‘затор, лёд на рэках і азёрах, нагрувашчаны старчма’ (Ласт.). Па значэнні, відавочна, звязанае з рус. торо́с ‘заломы лёду каля берагоў рэк і на моры’, што з саам. tōras ‘лядовы бугор на беразе мора’ (Фасмер, 4, 86; Анікін, 557), аднак шляхі ўплыву на яго ўтварэнне застаюцца няяснымі. Хутчэй гукапераймальнага паходжання, гл. наступнае слова.
Ту́пат ‘тупанне, тупаніна’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт.; ашм., Стан.), ту́пот ‘тс’ (Вруб.). Параўн. укр. ту́піт, ту́пот, польск., в.-луж. tupot, серб. тупот, макед. тупот ‘тс’. Відаць, яшчэ праславянскае ўтварэнне ад *tupati > *tupotъ, паралельнае да *topotъ або *tъpъtъ (Арол, 4, 84), гл. наступнае слова. Паводле Борыся (654), утварэнню назоўніка папярэднічаў дзеяслоў інтэнсіўнага дзеяння з элементам *‑t‑, гл. туптаць.
Тураві́ць ‘панукваць, падганяць (каня)’ (Касп., Др.-Падб.; рас., Шатал.), ‘прыспешваць, падганяць’ (Ласт.; мёрск., Нар. сл.), тураві́цца ‘спяшацца’ (в.-дзв., рас., Шатал., Рэг. сл. Віц., Сл. ПЗБ), ‘тс’, ‘шавяліцца’ (мёрск., Нар. сл.), турава́цца ‘імкнуцца, кіравацца’ (Гарэц., Др.-Падб.), турава́нне ‘падганянне, пануканне’ (в.-дзв., Шатал.). Параўн. рус. дыял. ту́ровить ‘падганяць, прыспешваць’, туро́вить ‘тс’, польск. дыял. turovać ‘напіраць, націскаць’. Гл. тура́ць, туры́ць.
Турба́н 1 ‘музычны інструмент тэорба’ (Нас.). Відаць, праз польск. tyorba, teorban ‘вялікая лютня’ з франц. théorbe, téorbe, tuorbe ‘тс’, італ. tiorba ‘тс’. Гл. тарба́н.
Турба́н 2 ‘усходні галаўны ўбор, палотнішча, абматанае вакол галавы’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт., Вруб.). Праз польск. turban ‘тс’, якое (магчыма, праз франц. turban) з тур. tülbend ‘муслін’ < перс. dülbänd ‘тканіна з крапівы’ (SWO, 1980, 783; Фасмер, 4, 136; Арол, 4, 129).
Турля́цца ‘штурхацца, піхацца’ (Жд. 3, ТС). Параўн. укр. турля́ці ‘піхаць, ганяць’, рус. турля́ться ‘кідацца, піхацца’, польск. turlać sie ‘куляцца’, мажліва, сюды і славен. turláti ‘праколваць, пранізваць’, адносна якога Сной (Бязлай, 4, 250) сцвярджае: «вакалізм славянскага кораня няясны, мажліва, экспрэсіўны». Вытворнае ад гукапераймальнага па паходжанні турліць, гл. Польск. turlać разглядаюць як варыянт tulać ‘каціць, куляць’ (Варш. сл.). Сюды ж турля́жка ‘тачка, вазок на двух колах вазіць зямлю’ (Ласт.).
Туту́н ‘тытунь, Nicotiana rustica L.’ (Некр. і Байк., Ласт., Кіс., Касп.), туту́нь ‘махорка’ (Мал.). Запазычанае з польск. tutuń ‘тс’. У літаратурным тыту́нь, тыту́н (гл.), у дыял. тыту́нь віргінскі ‘Nicotiana tabacum L.’ (гродз., Кіс.), як і ў польск. tytoń, адбылося распадабненне цюркскага сінгарманізму, параўн. ст.-бел. тютюнъ, титунъ, титюнъ, тытюнъ (з XVII ст.), запазычаныя з крым.-тат., асм.-тур. tütün (Булыка, Лекс. запазыч., 151). Параўн. таксама цюцюн, гл.
Турэ́ц ‘звужанае рэчышча са шпаркім цячэннем вады’ (дзісн., Ластоўскі, Выбр. тв., 421), ‘быстрыня, струміна, хуткая плынь у рацэ’ (Ласт.), ‘прыспешаная плынь вады, сціснутая з двух бакоў каменнымі стромкімі лехамі’ (У. Дубоўка). Суфіксальнае ўтварэнне ад турыць ‘гнаць, імчаць’ (Пацюпа, Arche, 2007, 3, 195). Санько (Бел. гіст. агляд, 2007, 14, 1–2, 335) бачыць паралель у назве рэчкі Тур або Тураўлянка, якая, па паданні на Тураўшчыне, раней называлася Струмень, параўн. санскр. turá ‘хуткі’ і фрак. strumá, strumón ‘плынь, рака’.