Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Руса́ллі ’у старажытных славян — вясеннія язычніцкія святкаванні, звязаныя з культам продкаў’ (ТСБМ); руса́льны ’які мае адносіны да русалляў’, руса́льны ты́ждзень (ты́здзень) ’першы тыдзень пасля сёмухі, калі спраўлялі русальныя абрады’ (ТС), руса́льніца ’тыдзень пасля сёмухі’ (Ласт.). Стараж.-рус. по рѫсалиѧх(ъ) М. скл. мн. л. ’свята Тройцы’ (XI ст.), укр. ру́саля ’Тройца’, балг. Руса́ля, Руса́лска неделя ’нядзеля пасля Спасу’, серб.-харв. дыял. ру́са̄ље ’тройца’, славен. risȃle ’тс’, чэш. rusadla ’вясеннія язычніцкія святкаванні’, славац. rusadlá ’тс’, ст.-слав. роуслиѩ ’тс’. Слова, вядомае з XI ст. як назва паганскага свята ўваскрэслай прыроды і памінання нябожчыкаў. З лац. rosālia < rosaria (dies rosae ’дні ружы’ ад лац. rosa ’ружа’) — назвы вясновага свята ружаў, падчас якога прыносілі ружы на магілы. Параўн. іт. pasqua rosata ’пяцідзесятніца’. Кантамінацыяй з рус. русло тлумачылі о > у і змену ў семантыцы, калі русалка з лясной і палявой істоты ператварылася ў вадзяную, што няпэўна, хутчэй гэта ўплыў народных слоў, што ўзыходзяць да *rus‑, гл. русавы дзед. Гл. таксама Фасмер, 3, 520; Махэк₂, 525; БЕР, 6, 349–351; Чарных, 2, 128; Пічхадзэ, Новое в рус. этим., 200–201; ESJSt, 13, 783–784; Жураўлёў, Язык и миф, 499.

Ру́жа1 ’дэкаратыўная расліна Rosa L.’ (ТСБМ; Ласт.), ’шыпшына’ (Кіс.), ’лілія’ (Сл. ПЗБ, ТС). Укр. дыял. ру́жа, польск. ruża, чэш. růže, славац. ruža, серб.-харв. ру́жа, макед. роза, ружа. Запазычанне, параўн. ст.-польск. róża, ruża < ст.-чэш. ruože < лац. rose або с.-в.-ням. rôse (Фасмер, 3, 493). Гл. таксама рожа1.

Ру́жа2 ’суша’ (Касп.). Паводле Анікіна, роднаснымі да гэтага слова з’яўляюцца рус. ру́жа ’сухое галлё, галіна высахлага дрэва’, ружь ’знешнасць; вобраз; выгляд; аблічча’, ру́жа ’прасвет; вонкавы бок’, славен. rȗž ’шалупінне; стручок’, rúžiti ’чысціць; абіраць, здымаць шалупінне; лушчыць’. Прасл. *ruža < з (< *rugja) ’суша, сцягнутая тугая, моцная, цвёрдая зямля’ < і.-е. *reu‑g‑ ’рваць, драць, цягнуць’. З індаеўрапейскіх паралеляў прыводзяцца літ. ráugti ’квасіць’, лат. raûgt ’заквашваць’, raûdzêt ’квасіць’, літ. ráugas ’закваска’, лат. raûgs ’тс’, прус. raugus ’кіндзюк’, літ. rū́gti ’кіснуць’, лат. rûgt ’брадзіць’ і інш. Прычым значэнне ’кіслы’ асэнсоўваецца, з аднаго боку, як ’які сцягвае, зводзіць рот (непрыемным смакам)’, параўн. лат. tik skābs, ka savęlk muti ’такі кіслы, што зводзіць рот’, savìlktiês ’збягацца, скісаць’, грэч. στύφω ’сцягваць; мець даўкі смак’. З іншага боку, ’кіслы’ асэнсоўваюць як ’які сцягнуўся; які загусцеў’, параўн. ст.-ісл. þēttr ’густы’, ісл. þētti ’кіслае малако’, сяр.-ісл. tēcht ’кіслы’ — усе яны з і.-е. *ten‑k‑ ’збягацца, скісаць’. Такім чынам, значэнне ’суша’ матывуецца тым, што суша часта называецца па прыкмеце ’цвёрды; моцны’ (у адрозненне ад балота), параўн. ням. Festland ’мацярык, кантынент, суша’ з festes Land ’цвёрдая зямля’. (Анікін, Этимология–1982, 70–78). Гл. таксама Макоўскі, Мир сл. и знач., 104 (дапускаецца сувязь з літ. reñgti ’рыхтаваць, уладкоўваць’).