Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Распалта́ць ’разабраць (напр., кабана)’, ’анатаміраваць (труп)’, распалта́ч ’той, хто разбірае кабана’, сюды ж ро́спалаць (гл.), ро́спаласць ’разразанне; анатаміраванне’ (Ласт.). У выніку метатэзы ад расплата́ць (гл.). Магчыма, пад уплывам полць (гл.).

Расто́ржка ’несабранасць’: расторжка мыслей; ’разрыў дамовы’: расторжка вѣнца (Нас.), што сведчыць пра непасрэдную сувязь з то́ргаць (гл.). Параўн. таксама ро́стыржка ’тс’, што выводзіцца з тарга́цца ’тузацца’ (Ласт.), гл. торгацца. Параўн. растаргнуцца (гл.).

Распа́зіць ’разабраць, разняць, ускрыць’ (чавус., Ласт.), роспазова́ць ’разняць, рассячы ці распілаваць калоду ўдоўж’ (ТС). Да паз (гл.), параўн. рус. пск., асташ. распази́ть ’разабраць, распластаць (рыбу)’, смал. ’падзяліць на часткі, палавіны’, што, відаць, сведчыць аб агульнай усходнеславянскай дыялектнай інавацыі.

Раса́нкі толькі мн. л. ’расліна святаяннік звычайны, Hypericum perforatum L.’ (Ласт., Кіс.). Фанематычны варыянт рася́нкі (гл. рася́нка), верагодна, пад уплывам раса1 ў сувязі са звычайным распаўсюджаннем расліны ў “расістых” месцах, у тым ліку на лугах, па берагах рэк і азёр.

Ра́кар ’скуралуп; хто займаецца зніманнем скур са здохлай жывёлы’, ’мярзотнік, паскуднік’ (беласт., Кольб., Ласт.). Сюды ж, відаць, і rakarawać ’лаяць, зневажаць, рабіць закіды’ (Варл.). Запазычанне з польск. rakarz ’тс’, якое, у сваю чаргу, са старога ням. Racker ’тс’ (Брукнер, 453). Гл. таксама Длугаш-Курчабова, 428.

Расці́на ’расліна’ (Ласт.), параўн. укр. рости́на ’тс’, славен. rastína ’тс’. Ад рост (< *orstъ) ’працэс росту’ з суфіксам ‑іна, што надае слову прадметнае значэнне. Паводле Німчука (Давньорус., 234), у аснове слова аддзеяслоўныя ўтварэнні з фіналямі ‑т, ‑ть, у тым ліку рость ’расліннасць’ (гл. росць2), з суфіксам адзінкавасці, параўн. ст.-слав. растити ’вырошчваць’.

Раске́ліна ’язва, рана’ (Ласт.). Хутчэй за ўсё, фанематычны варыянт раско́ліна ’шчыліна ад расколу’ (Бяльк.), аднак нельга выключыць сувязь з магчымым, але не зафіксаваным слоўнікамі *расшчы́ліна < шчы́ліна (гл.) пры захаванні вядомага гаворкам гістарычнага спалучэння ‑ск‑ (адносна фаналагічнай праблематыкі прабеларускага sk‑ перад ě гл. Векслер, Гіст., 91–92). Адзінкавая фіксацыя з вельмі спецыялізаванай семантыкай можа сведчыць у аднолькавай ступені як аб экспрэсіўным характары націскнога, так і на карысць штучнага ўтварэння. Параўн. наступнае слова.

Расхо́днік ’расліна Sticta pulmonacca, ужываецца простымі людзьмі замест груднога чаю’ (Нас.), ’расліна зайцава капуста’, ’падалешнік, лугавая расліна’ (ТСБМ, Сцяшк.), ’блюшчык, Glechoma hederacea L.’ (Кіс.), разхо́днік ’тс’ (Ласт.), росхо́днік ’тс’ (ТС), укр. росхі́дник ’зайцава капуста, Sedum acre L.’, рус. росхо́дник ’тс’, польск. rozchodnik ’тс’, харв. razhodnik ’паслён, Solanum dulcamara L.’, славен. razhọ̑dnik ’тс’. Тлумачыцца тым, што яго адросткі “расходзяцца па зямлі” (Махэк, Jména, 95; Мяркулава, Очерки, 110). Гл. ход, хадзіць.

Расто́па1 ’паводка; разводдзе’ (Ласт.), расто́п, расто́піца ’тс’, ’распуціца, паводка’ (Яшк.), параўн. рус. ро́стополь, ро́стопель ’вясенняе таянне снегу і разводдзе’, што ад растапіць, гл. тапіць. Гл. Фасмер, 3, 506.

Расто́па2 ’вельмі тоўстая і нехлямяжная жанчына’, растапшня́ (ръстъпшня́), растапча́ (ръстъпча́) ’тс’ (міёр., З нар. сл.), растапша́ ’разява’ (Бяльк.), ’хто няўмелы, нязграбны’ (Сл. ПЗБ), параўн. укр. ростопша́ ’нялоўкая, непаваротлівая жанчына’. Відаць, ад растапта́ць ’наступіць зверху, прыціснуць; раздушыць’, гл. таптаць. Сюды ж расто́пак ’зношаны лапаць (наогул абутак)’ (Касп., Стан.).

Рабі́ннік1 ’вялікі шэры дрозд’ (ТСБМ). Рус. дыял. ряби́нник ’тс’. Ад рабі́на (гл.). Назва адсутнічае ў народнай мове, хутчэй за ўсё з рус. рябинник, параўн. бел. народныя назвы птушкі дрозд‑піскун, лепік (Ласт.). Назва ўзнікла ў выніку метанімічнага пераносу назвы месца пражывання дразда (зараснікі рабіны) на птушку.

Рабі́ннік2 ’піжма’ (ашм., мядз., шчуч., клім., ЛА, 1; Сцяшк. Сл.), Утворана ад рабі́на (гл.) у выніку метафарычнага пераносу назвы дрэва паводле знешняга падабенства лістоў і суквеццяў раслін да лістоў і гронак рабіны, параўн. рус. ряби́нка ’піжма’.