Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Сток ‘спад, сцёк’ (Ласт., Бяльк.; беласт., Сл. ПЗБ), ‘месца, дзе сходзяцца канцы (вобада, абруча і інш.)’ (ТС), сто́кі ‘крыж, сярэдзіна, паясніца’, ‘падстаўка пад вулей’, ‘сутокі’ (Сцяшк. Сл.), сто́чкі ‘сутокі’ (Жд. 3). Укр. стік, сток ‘сутокі’, рус. сток, сто́ки ‘тс’, польск. stok ‘сутокі, скат, сцёк, ручай’. Да цячы, ток (гл.).

Сумо́ўе ’зносіны, камунікацыя’. Наватвор (прыпісваецца А. Бембелю) для перадачы рус. общениец.-слав.), параўн. лу́чнасць ’тс’ (Ласт.). З су- і асновы моў‑ (гл. мова) з фіналлю, аформленай паводле рускага адпаведніка (суф. *‑ьje); у выніку дээтымалагізацыі можа ўспрымацца як дэрыват ад сумаваць, сум (гл.). Параўн. народнае сумовіны, гл.

Сяда́ць ’садзіцца’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Некр. і Байк., Стан., Сл. ПЗБ), сяда́й(це) ’прапанова, загад сесці’ (ТСБМ), седа́ць ’садзіцца’ (ТС), ст.-бел. седати ’тс’ (Сл. Скар.). Параўн. укр. сіда́ти, польск. siadać, чэш. sedati, славен. sedati, серб.-харв. се̏дати, балг. ся́дам, ст.-слав. сѣдати. Шматкратны дзеяслоў да сядзець, гл.

Све́дчыць (сьве́дчыць) ‘пацвярджаць правільнасць, сапраўднасць чаго-небудзь у якасці відавочцы, сведкі, дасведчанай асобы’ (ТСБМ, Ласт., Касп.), параўн. ст.-бел. досвѣдчати ‘тс’. Укр. сві́дчити, польск. świadczyć, в.-луж. swědčić, н.-луж. svědcyś, чэш. svědčit, славац. svedčiť, серб.-харв. svjedòčiti, славен. svedóčiti. Дыял. прасл. *svědčiti, дэрыват ад *svědъkъ ‘сведка’. Параўн. таксама светка (гл.).

Сухандэ́ль ’надта худы, хударлявы’ (Сл. ПЗБ). Да сухі ’худы’, утвораны пры дапамозе экспрэсіўнага словаўтваральнага комплексу ан‑д‑эль, параўн. уласнае імя Сухан (Бірыла, антр., 2), суханя́вы ’сухі і высокі’ (Ласт.), suxanʼʒá ’тс’ (беласт., Саевіч, Derywacja, 357), suxalʼ ’тс’ (там жа, 382), пра варыянтнасць ‑аль/‑эль гл. Сцяцко, Афікс. наз., 38.

Суча́сны ’адпаведны свайму часу; цяперашні’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Стан.). Параўн. укр. суча́сний, рус. совреме́нный, чэш. současný, славац. súčasný, славен. sodoben, серб.-харв. савремен, балг. съвре́мен, макед. современ ’тс’. Еўрапейская калька на базе лац. synchronus або грэч. σύγχρονος (Фасмер, 3, 706; ESSJ SG, 1, 241), гл. су- і час.

Ся́жань, побач з са́жань ’мера ў стан чалавека, як можна сягнуць уверх рукой, роўная 3 аршынам’ (Ласт.). Параўн. стараж.-рус. сяжень, сажень ’мера даўжыні’. Да прасл. *sęžьnь, вытворнага ад *sęgati, гл. сягаць. Выказваецца меркаванне пра наяўнасць рэканструяваных варыянтаў прасл. *seg‑/*sog‑ без назалізацыі (параўн. Анікін, Этимология–1983, 55), гл. таксама сажань.

Сярэ́бранік ’дуброўка, Potentilla anserina L.’ (ТСБМ, Касп., Дэмб. 1, Кіс.). Да серабро (гл.), ад прыметніка сярэ́браны (ТСБМ, Ласт.), ст.-бел. серебрѧнъ (Альтбаўэр), серебрыны (1405 г., Карскі 2–3, 229) з-за бліскучай афарбоўкі, параўн. срэбнік, гл. Сюды ж і сэрэбря́нік ’падтыннік, Chelidonum majus L.’ (Бейл.), параўн. іншую назву чортава серабро (Кіс.).

Стрэ́лка1 ‘невялікая страла’, ‘указальнік (у тым ліку ў гадзінніку)’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр.; Стан.), ‘вага ў студні з жураўлём’ (мазыр., ДАБМ, камент., 809), ‘пяро цыбулі, якое дае насенне’ (бых., Янк.; маладз., Гіл.; Барад., Сл. ПЗБ, ТС, Ян., Шатал.), ‘адростак пяра пасля лінькі птушак’ (бярэз., Сл. ПЗБ; мін., Шатал.), ‘тыльны надкапытны сустаў у жывёл, косць гэтага сустава’ (Сл. ПЗБ), ‘прамежак у капытах жывёлы’ (Сл. ПЗБ), ‘ніз капыта ў каня’ (ТС), ‘лядзяш’ (хойн., Шатал.; калінк., Сл. ПЗБ; Мат. Гом.; хойн., Шатал.), стрылкы́ ‘насенне сланечніка’ (Сл. Брэс.). Памяншальнае ад страла1 (гл.), намінацыі на аснове знешняга падабенства.

Стрэ́лка2 ‘страказа’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Касп., Нік. Очерки; рас., Шатал.; в.-дзв., смарг., паст., даўг., Сл. ПЗБ; ЛА, 1, Стан.), стрэ́лашніца ‘тс’ (Жд. 1). Да папярэдняга слова.

Сухо́тнік ’сушаніца, Gnaphalium L.’ (Ласт., Кіс., Сцяшк., Сл. Брэс.), ’кмен, Helichrysum L.’ (Расл. св., Сл. ПЗБ), сухо́тнік лесавы ’крынічнік лекавы, Veronica officinalis L.’ (Ласт., Кіс.), сухо́тнік ’старасцень якава, Senecio jakobaea L.’ (Кіс.), ’агаткі, Antennaria dioica L.’ (паўн.-зах., ЛА, 1), сухо́тнык ’старасцень’ (Сл. Брэс.), сухо́тнік ’цыкорыя звычайная, Cichorium inthybus L.’ (Бейл.), сахо́тнік ’старасцень вясенні, Senecio vernalis W. et K.’ (Кіс.). Параўн. укр. сухі́тник ’расліна для лячэння ад сухотаў’, ’сушаніца, крынічнік і інш. расліны’, польск. suchotnik ’кмен’. Вытворныя ад сухота, сухоты (гл.) у розных значэннях, якія наклаліся адно на адно, параўн. амонім сухо́тнік ’хворы на сухоты’ (Некр. і Байк., Бяльк., Сл. ПЗБ), у сувязі з чым спробы размежаваць назвы раслін лекавых і нялекавых (параўн. ЕСУМ, 5, 488) не пераконваюць. Параўн. сухоткі, гл.