Пра́ўда, проўда ’ісціна, адпаведнасць рэчаіснасці’, ’правільнасць’, ’справядлівасць’, ’на самай справе, сапраўды’ (ТСБМ, Нас., Шат., Касп., Сл. ПЗБ, ТС), ’няўжо’ (паст., Сл. ПЗБ), ’так, але, дакладна’ (ТС), ст.-бел. ’права’: ни грабили товара силою без правды (Станкевіч, 1, 369). Рус., укр. пра́вда, ст.-рус. правьда, польск., в.-луж. prawda, н.-луж. pšawda, чэш., славац. pravda ’праўда’, серб.-харв. пра̑вда ’праўда; судовая справа’, славен. právda ’закон; палажэнне; судовая справа’, балг. пра́вда ’праўда’, ’пагалоўе скаціны’, макед. пра́вда ’праўда, справядлівасць’, ст.-слав. прдвьда ’тс’. Прасл. *pravьda (Слаўскі, SP, 1, 63) разглядаецца як іменны дэрыват ад *pravъ (гл. правы) (Фасмер, 3, 352; Махэк₂, 481; Шустар-Шэўц, 2, 1152; Мартынаў, Этимология–1968, 248; Скок, 3, 26; Сной₂, 559), аналагічны да крыўда (гл.), насуперак Трубачову (Этногенез₂, 222–223), які на падставе словаўтваральнай сувязі суфікса ‑ьda з дзеяслоўнымі ўтварэннямі на ‑itі‑ выводзіць гэтыя назоўнікі ад *kriviti і *praviti (гл. правіць) з семантыкай ’правеж, катаванне’. Сюды ж дэрываты: праўдзі́вы ’справядлівы, шчыры’ (Нас., ТС), про́ўдзіць ’гаварыць праўду’ (Шат.), пра́ўдзіць ’збывацца’ (Сл. ПЗБ). Але праўдзівы ў значэнні ’сапраўдны, нефальшывы’ — з польск. prawdziwy. Параўн. правдзівы грыб, гл. наступнае слова.