Лэмзгаць ’лізаць’, лэмзнуць ’лізнуць’ (ашм.) паходзяць, паводле Грынавяцкене і інш. (Liet. term., 182), з літ. lémžti ’тс’. Нарашчэнне асновы ‑г‑ выражае незакончанае, але шматразовае дзеянне. Аналагічна вэзгаць (гл.) або з глухой зычнай ‑к‑: пэцкаць. Гэта нарашчэнне знікае ў тых жа дзеясловах закончанага трывання (лэмзнуць, пэцнуць).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)