Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

спектральная класіфікацыя зорак

т. 15, с. 106

СІДЭРЫ́ЧНЫ ГОД [ад лац. sidus (sideris) нябеснае свяціла, зорка],

зорны год, прамежак часу паміж 2 паслядоўнымі вяртаннямі Сонца, пры яго бачным гадавым руху, у адно і тое ж (адносна зорак) месца нябеснай сферы. Роўны перыяду поўнага абарачэння Зямлі вакол Сонца (адносна зорак). Складае 365,25636 сярэдніх сонечных сутак.

т. 14, с. 371

СІДЭРЫ́ЧНЫ МЕ́СЯЦ, Зорны месяц,

прамежак часу паміж 2 паслядоўнымі вяртаннямі Месяца, пры яго бачным месячным руху, у адно і тое ж (адносна зорак) месца нябеснай сферы. Працягласць непастаянная, можа мяняцца на некалькі гадзін. Сярэдняе значэнне С.м. 27,321661 сярэдніх сонечных сутак. С.м. роўны перыяду поўнага абарачэння Месяца вакол Зямлі (адносна зорак).

т. 14, с. 371

СВЯЧЭ́ННЕ НАЧНО́ГА НЕ́БА,

сумарны эфект сукупнасці светлавых з’яў, якія назіраюцца на фоне начнога неба і вызначаюць яго яркасць у ясную бязмесячную ноч. Складаецца з уласнага свячэння верхняй атмасферы, эпізадычна — святла палярнага ззяння, а таксама сумарнага выпрамянення зорак, міжзорнага газу, задыякальнага святла, проціззяння.

т. 14, с. 284

СКАРПІЁН (лац. Scorpius),

адно з 12 сузор’яў задыяка. Знаходзіцца ў Паўд. паўшар’і неба. Найб. яркія зоркі 0,8—1,2 (Антарэс), 1,6 і 1,9 візуальнай зорнай велічыні; 100 зорак ярчэй 6-й зорнай велічыні. У С. знаходзіцца магутная (10​30 дж/с) крыніца рэнтгенаўскага выпрамянення Sco X = 1. З тэр. Беларусі часткова відаць вясной і летам. Гл. Зорнае неба.

Сузор’е Скарпіён.

т. 14, с. 441

СВЯЦІ́ЛЬНАСЦЬ ЗО́РКІ,

магутнасць выпрамянення зоркі. Роўная поўнай энергіі, якая выпрамяняецца зоркай за адзінку часу. Вымяраецца звычайна ў адзінках свяцільнасці Сонца, а таксама ў абс. зорных велічынях.

Поўная свяцільнасць Сонца 3,86∙10​26 Вт, свяцільнасць зорак 10​33—10​20 Вт. Поўная С.з. з нулявой зорнай велічынёй — 2,72∙10​28 Вт. Акрамя поўнай адрозніваюць С.з. ў пэўным спектральным інтэрвале, напр., візуальная С.з. (святлоаддача ў бачнай частцы спектра), фатаграфічная (у інтэрвале 0,33—0,49 мкм) і інш.

т. 14, с. 283

СКІЯПАРЭ́ЛІ ((Schiaparelli) Джавані Вірджыніо) (14.3.1835, г. Савільяна, Італія — 4.7.1910),

італьянскі астраном. Замежны чл.-кар. (1874) і ганаровы чл. (1904) Пецярбургскай АН. Скончыў Турынскі ун-т (1854). З 1859 у Пулкаўскай абсерваторыі. З 1860 у астр. абсерваторыі ў Мілане (у 1862—90 дырэктар). Навук. працы па даследаванні планет, камет і падвойных зорак, а таксама гісторыі астраноміі, матэматыцы і метэаралогіі. Распрацаваў тэорыю метэораў і ўстанавіў сувязь метэорных патокаў з каметамі (1866). Выявіў на паверхні Марса сетку тонкіх ліній, т.зв. «каналаў» (1877), гіпотэза аб штучным паходжанні якіх не атрымала пацвярджэння. Правёў грунтоўныя назіранні Меркурыя і Венеры.

Літ.:

Паннекук А. История астрономии: Пер. с англ. М., 1966. С. 411—418.

т. 14, с. 458

СІНХРАТРО́ННАЕ ВЫПРАМЯНЕ́ННЕ,

выпрамяненне эл.-магн. хваль зараджанымі часціцамі, якія рухаюцца ў аднародным магн. полі з рэлятывісцкімі скарасцямі. Абумоўлена паскарэннем, звязаным са скрыўленнем траекторыі часціц (гл. Лорэнца сіла). Назіраецца ў сінхратроне (адсюль назва).

Характарызуецца шырокім дыяпазонам частот; мае эліптычную палярызацыю (гл. Палярызацыя святла) і шырокі неперарыўны спектр (гл. Спектры аптычныя) з максімумам у яго доўгахвалевай частцы. Найб. істотна для лёгкіх часціц. Страты энергіі электронаў на С.в. ўлічваюцца пры канструяванні сінхратронаў. Выпрамяненне звышновых зорак, квазараў, пульсараў і радыёгалактык мае сінхратронную прыроду. Вывучэнне інтэнсіўнасці і палярызацыі касм. С.в. дазваляе атрымаць інфармацыю аб канцэнтрацыі і энергет. спектры рэлятывісцкіх электронаў, велічыні і напрамку магн. поля ў аддаленых абласцях Сусвету. С.в. выкарыстоўваюць таксама пры вывучэнні структуры цвёрдага цела.

І.​С.​Сацункевіч.

т. 14, с. 406

СЛА́БАЕ ЎЗАЕМАДЗЕ́ЯННЕ, узаемадзеянне Фермі,

адно з узаемадзеянняў элементарных часціц паміж ферміёнамі ў адзіным (лакалізаваным) пункце прасторы-часу. Значна слабейшае за моцнае і эл.-магн., аднак значна мацнейшае за гравітацыйнае ўзаемадзеянне.

С.ў. не лічыцца фундаментальным, разглядаецца як праяўленне 2 паслядоўных электраслабых узаемадзеянняў паміж часціцамі. Для С.ў. характэрна парушэнне законаў захавання дзіўнасці, цотнасці, чароўнасці і інш. Абумоўлівае павольныя распады элементарных часціц (напр., бэта-распад нейтрона і ядраў атамаў), узаемадзеянне нейтрына з рэчывам, рассеянні лептонаў на лептонах ці адронах і інш. С.ў. тлумачацца працэсы ўтварэння энергіі на Сонцы і зорках, у час выбухаў звышновых зорак С.ў. нараджае магутныя патокі нейтрына.

Літ.:

Окунь Л.Б. Слабое взаимодействие элементарных частиц. М., 1963;

Яго ж. Лептоны и кварки. 2 изд. М., 1990.

І.​С.​Сацункевіч.

т. 14, с. 484

СКАЧО́К у філасофіі,

працэс змены ўнутранай сутнасці з’явы або прадмета; якаснае пераўтварэнне ў выніку колькасных змен. Характарызуецца карэнным пераломам ва ўзаемадзеянні неперарыўнасці і перарыўнасці з перавагай апошняй. Выступае ў якасці перадумовы карэнных якасных пераўтварэнняў, станаўлення якасна новых аб’ектаў, пастаяннага руху і развіцця свету. На стадыі С. вырашаюцца ўласцівыя прыродным і грамадскім з’явам унутр. супярэчнасці. Паводле спосабу здзяйснення адрозніваюць рэзкія і паступовыя С. Пры рэзкіх С. ранейшая якасць змяняецца новай хуткімі тэмпамі (пераўтварэнне элементарных частак у лабараторных умовах, напр., распад урану на свінец і галій), у грамадскім жыцці — сац. рэвалюцыі. Большасць пераходаў ад старой якасці да новай у прыродзе і грамадстве ажыццяўляецца шляхам паступовых С. Узнікненне зорак і планет, антрапагенез, кліматычныя змены на Зямлі адбываліся паступова і паволі. У працэсе развіцця грамадства вызначаецца тэндэнцыя да паскарэння скачковых пераўтварэнняў сац. ладу. Гл. таксама Пераход колькасных змяненняў у якасныя.

В.​І.​Боўш.

т. 14, с. 452