Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

САФА́РАЎ (Назір) (9.1.1905, г. Джызак, Узбекістан — 1.4.1985),

узбекскі пісьменнік. Засл. дз. маст. Узбекістана (1950). Нар. пісьменнік Узбекістана (1975). Друкаваўся з 1926. Аўтар зб-каў апавяд. і нарысаў «Землякі» (1958), «Залаты месяц» (1961), «Кропля крыві» (1967), аповесцей «Празорлівая дзяўчына» (1961), «Аб пражытым і перажытым» (1968, Дзярж. прэмія Узбекістана 1968), рамана «Наўруз» («Час белых буслоў», 1973) і інш., п’ес «Абуджэнне» (1938), «Золак Усходу» (1948), драмы «Школа жыцця» (1954), камедыі «Каму гора, каму смех» (1963) і інш. Адзін з аўтараў сцэнарыя фільма «Бура над Азіяй» (1965). На бел. мову раман «Дні праклёну і дні надзеі» (1982) пераклаў А.​Жук.

т. 14, с. 199

СА́ЎЧАНКА (Аркадзь Маркавіч) (н. 6.4.1936, г. Віцебск),

бел. спявак (барытон). Нар. арт. Беларусі (1976). Нар. арт. СССР (1985). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1960). З 1960 саліст Нац. акад. т-ра оперы Беларусі. Валодае мяккім лірычным голасам своеасаблівага прыгожага тэмбру, шырокага дыяпазону, высокай вак. тэхнікай, майстэрствам сцэн. пераўвасаблення. Яму ўласціва ўдумлівая адпрацоўка, філігранная шліфоўка дэталей вак. і сцэнічнага бакоў ролі. Сярод партый нац. рэпертуару: Апанас і Фон Шолен («Алеся» Я.​Цікоцкага), Лагоўскі («Яснае світанне» А.​Туранкова), Лявон Бурак, Максім Багдановіч, Міхал («Калючая ружа», «Зорка Венера», «Новая зямля» Ю.​Семянякі), Кізгайла («Сівая легенда» Дз.​Смольскага), Ляўчук («Сцежкаю жыцця» Г.​Вагнера), Фаскары, Бургамістр («Джардана Бруна», «Візіт дамы» С.​Картэса), Понцій Пілат («Майстар і Маргарыта» Я.​Глебава); класічных і сучасных опер: Анегін, Ялецкі, Томскі («Яўген Анегін», «Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Мізгір («Снягурачка» М.​Рымскага-Корсакава), Януш («Галька» С.​Манюшкі), Фігара («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Марсель, Шарплес («Багема», «Чыо-Чыо-сан» Дж.​Пучыні), Валянцін («Фауст» Ш.​Гуно), Эскамільё, Зурга («Кармэн», «Шукальнікі жэмчугу» Ж.​Бізэ), Дон Жуан, граф Альмавіва («Дон Жуан», «Вяселле Фігара» В.​А.​Моцарта), Рыгалета, граф ды Луна, Радрыга, Жэрмон, Рэната («Рыгалета», «Трубадур», «Дон Карлас», «Травіята», «Баль-маскарад» Дж.​Вердзі), Тэльрамунд («Лаэнгрын» Р.​Вагнера), Малатэста («Дон Паскуале» Г.​Даніцэці), Лістрат («У буру» Ц.​Хрэннікава), Камісар («Брэсцкая крэпасць» К.​Малчанава), Фердынанд, Андрэй Балконскі («Заручыны ў манастыры», «Вайна і мір» С.​Пракоф’ева). Выканаў партыі Адама ў тэлеоперы «Ранак» Вагнера, Яўхіма ў радыёоперы «Барвовы золак» К.​Цесакова, Скарыны ў фільме-оперы «Францыск Скарына» Дз.​Смольскага. У канцэртным рэпертуары арыі з класічных і сучасных опер, рамансы, творы бел. кампазітараў, бел., рус. і ўкр. нар. песні.

А.​Я.​Ракава.

Аркадзь Маркавіч Саўчанка.
А.Саўчанка ў ролі Радрыга.

т. 14, с. 198

СІМФАНІ́ЧНЫ АРКЕ́СТР БЕЛАРУ́СКАГА ТЭЛЕБА́ЧАННЯ І РА́ДЫЁ, Сімфанічны аркестр Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь. Створаны ў 1958 як канцэртна-эстрадны, з 1975 эстр.-сімф., з 1979 сімф. аркестр, з 1958 гал. дырыжор Ю.​Бяльзацкі, з 1961 — маст. кіраўнік і гал. дырыжор Б.​Райскі (у 1965 дырыжор Я.​Глебаў), з 1989 — засл. дз. маст. Украіны В.​Лявонаў, з 1993 — А.​Лапуноў. Напачатку аркестр выконваў пераважна творы лёгкай музыкі, з 1960-х г. гал. ўвагу аддаваў буйным сімф. творам. Калектыў прапагандуе музыку бел. кампазітараў. Здзейсніў фондавыя запісы опер бел. кампазітараў «Агатка, ці Прыезд пана» Я.​Голанда, «Фауст» А.​Радзівіла, «Кастусь Каліноўскі» Дз.​Лукаса, «Андрэй Касценя» М.​Аладава, «У пушчах Палесся» А.​Багатырова, «Зорка Венера» Ю.​Семянякі, «Сівая легенда» Дз.​Смольскага, «Матухна Кураж» С.​Картэса; радыёоперы «Барвовы золак» К.​Цесакова; музыкі балетаў «Альпійская балада», «Выбранніца», «Маленькі прынц» Глебава, муз. камедый «Паўлінка» Семянякі і «Несцерка» Р.​Суруса; сімфоній Л.​Абеліёвіча, М.​Аладава, У.​Алоўнікава, Глебава, Ф.​Пыталева, Цесакова, а таксама творы Г.​Гарэлавай, Г.​Ермачэнкава, А.​Клеванца, В.​Кузняцова, І.​Лучанка, А.​Хадоскі і інш. Запісаў шэраг твораў класічнага рэпертуару і сучасных кампазітараў. Першы выканаўца сюіты з балета «Маленькі прынц» і 5-й сімфоніі Глебава, фп. канцэрта Абеліёвіча, 3-й і 4-й сімфоній А.​Мдывані, 2-й сімфоніі У.​Дарохіна, сімфоніі-канцэрта «Каляды. Ражаство» Суруса, 4-й сімфоніі «Белая Русь» Хадоскі, скрыпічнага канцэрта Гарэлавай, кантаты «Трава-мурава» Л Шлег і інш. Значнае месца займае канцэртная і гастрольная дзейнасць. Удзельнічае ў аўтарскіх канцэртах бел. кампазітараў. З аркестрам выступалі і рабілі запісы бел. і замежныя спевакі і інструменталісты.

Літ.:

Мдзівані Т. Удзячнасць пошуку // Мастацтва Беларусі. 1983. № 5;

Яе ж Новые пути оркестра // Муз. жизнь. 1983. № 8;

Друкт А. Сімфанічны аркестр Беларускага тэлебачання і радыё. Мн., 1984.

А.​А.​Друкт, В.​У.​Мазанік.

Сімфанічны аркестр Беларускага тэлебачання і радыё. 1990-я г.

т. 14, с. 389