Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СІДЭРЫ́ЧНЫ ГОД [ад лац. sidus (sideris) нябеснае свяціла, зорка],

зорны год, прамежак часу паміж 2 паслядоўнымі вяртаннямі Сонца, пры яго бачным гадавым руху, у адно і тое ж (адносна зорак) месца нябеснай сферы. Роўны перыяду поўнага абарачэння Зямлі вакол Сонца (адносна зорак). Складае 365,25636 сярэдніх сонечных сутак.

т. 14, с. 371

СІДЭРЫ́ЧНЫ МЕ́СЯЦ, Зорны месяц,

прамежак часу паміж 2 паслядоўнымі вяртаннямі Месяца, пры яго бачным месячным руху, у адно і тое ж (адносна зорак) месца нябеснай сферы. Працягласць непастаянная, можа мяняцца на некалькі гадзін. Сярэдняе значэнне С.м. 27,321661 сярэдніх сонечных сутак. С.м. роўны перыяду поўнага абарачэння Месяца вакол Зямлі (адносна зорак).

т. 14, с. 371

СІНХРАТРО́ННАЕ ВЫПРАМЯНЕ́ННЕ,

выпрамяненне эл.-магн. хваль зараджанымі часціцамі, якія рухаюцца ў аднародным магн. полі з рэлятывісцкімі скарасцямі. Абумоўлена паскарэннем, звязаным са скрыўленнем траекторыі часціц (гл. Лорэнца сіла). Назіраецца ў сінхратроне (адсюль назва).

Характарызуецца шырокім дыяпазонам частот; мае эліптычную палярызацыю (гл. Палярызацыя святла) і шырокі неперарыўны спектр (гл. Спектры аптычныя) з максімумам у яго доўгахвалевай частцы. Найб. істотна для лёгкіх часціц. Страты энергіі электронаў на С.в. ўлічваюцца пры канструяванні сінхратронаў. Выпрамяненне звышновых зорак, квазараў, пульсараў і радыёгалактык мае сінхратронную прыроду. Вывучэнне інтэнсіўнасці і палярызацыі касм. С.в. дазваляе атрымаць інфармацыю аб канцэнтрацыі і энергет. спектры рэлятывісцкіх электронаў, велічыні і напрамку магн. поля ў аддаленых абласцях Сусвету. С.в. выкарыстоўваюць таксама пры вывучэнні структуры цвёрдага цела.

І.​С.​Сацункевіч.

т. 14, с. 406