Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СКАРПІЁН (лац. Scorpius),

адно з 12 сузор’яў задыяка. Знаходзіцца ў Паўд. паўшар’і неба. Найб. яркія зоркі 0,8—1,2 (Антарэс), 1,6 і 1,9 візуальнай зорнай велічыні; 100 зорак ярчэй 6-й зорнай велічыні. У С. знаходзіцца магутная (10​30 дж/с) крыніца рэнтгенаўскага выпрамянення Sco X = 1. З тэр. Беларусі часткова відаць вясной і летам. Гл. Зорнае неба.

Сузор’е Скарпіён.

т. 14, с. 441

СКАЧО́К у філасофіі,

працэс змены ўнутранай сутнасці з’явы або прадмета; якаснае пераўтварэнне ў выніку колькасных змен. Характарызуецца карэнным пераломам ва ўзаемадзеянні неперарыўнасці і перарыўнасці з перавагай апошняй. Выступае ў якасці перадумовы карэнных якасных пераўтварэнняў, станаўлення якасна новых аб’ектаў, пастаяннага руху і развіцця свету. На стадыі С. вырашаюцца ўласцівыя прыродным і грамадскім з’явам унутр. супярэчнасці. Паводле спосабу здзяйснення адрозніваюць рэзкія і паступовыя С. Пры рэзкіх С. ранейшая якасць змяняецца новай хуткімі тэмпамі (пераўтварэнне элементарных частак у лабараторных умовах, напр., распад урану на свінец і галій), у грамадскім жыцці — сац. рэвалюцыі. Большасць пераходаў ад старой якасці да новай у прыродзе і грамадстве ажыццяўляецца шляхам паступовых С. Узнікненне зорак і планет, антрапагенез, кліматычныя змены на Зямлі адбываліся паступова і паволі. У працэсе развіцця грамадства вызначаецца тэндэнцыя да паскарэння скачковых пераўтварэнняў сац. ладу. Гл. таксама Пераход колькасных змяненняў у якасныя.

В.​І.​Боўш.

т. 14, с. 452