Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СА́БЛЕР (Ягор Ягоравіч) (12.5.1810, Эстонія — 16.12.1865),

расійскі астраном і геадэзіст; адзін з пачынальнікаў астрафіз. даследаванняў. Д-р філасофіі (1839). Скончыў Дэрпцкі (Тартускі) ун-т. З 1839 у Пулкаўскай астр. абсерваторыі, з 1854 дырэктар Віленскай астр. абсерваторыі. У 1843—55 удзельнічаў у астранома-геад. вымярэннях у Фінляндыі і паўн.-зах. губернях Расіі. Навук. працы па назіральнай астраноміі, вышэйшай геадэзіі, складанні зорных каталогаў і ўдакладненні фігуры Зямлі. Адзін з першых у Расіі арганізаваў сістэм. даследаванні паверхні Сонца і Месяца фатагр. метадам (з 1854).

Літ.:

Новокшанова-Соколовская З.К. Картографические и геодезические работы в России в XIX — начале XX в. М., 1967.

А.​І.​Болсун.

т. 14, с. 47

САЛАМА́ХА (Уладзімір Пятровіч) (н. 24.3.1949, в. Бераснёўка Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1975). Працаваў у Дзярж. камітэце Беларусі па кінематаграфіі (1975—83). З 1983 у час. «Маладосць». Друкуецца з 1966. Аўтар зб-каў прозы «На ўзмежку радасці» (1980), «Заўтра ў дарогу» (1985), «Кавалёк — лесавая былінка» (1988), «Цяпло чужога сэрца» (1990), «Прывід у скураным крэсле» (1994), «Апазнаецца асоба мужчыны...» (1998), «Напрадвесні» (2001). Героі яго твораў — сучаснікі, якія шукаюць сваё месца ў жыцці. Напісаў шэраг сцэнарыяў дакумент. і мультфільмаў.

Тв.:

Званыя і выбраныя. Мн., 1999.

Літ.:

Гардзей В. Зямное і зорнае ў творчасці Уладзіміра Саламахі // Бел. думка. 2000. № 1.

І.​У.​Саламевіч.

т. 14, с. 99

САЛАЎЁЎ (Сяргей Аляксандравіч) (н. 25.8.1944),

расійскі кінарэжысёр. Засл. дз. маст. Расіі (1976). Нар. арт. Расіі (1996). Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1969). Як рэжысёр дэбютаваў у 1970 навеламі паводле апавяданняў А.​Чэхава «Ад нечага рабіць» і «Прапанова» (у фільме «Сямейнае шчасце»). Для яго творчасці характэрны высокая культура пластычных рашэнняў, тонкасць і дакладнасць перадачы атмасферы, пераасэнсаванне рэчаіснасці, нечаканыя экстравагантныя прыёмы: «Станцыйны наглядчык» (паводле А.​Пушкіна, 1972), «Ягор Булычоў і іншыя» (паводле М.​Горкага, 1973), «Сто дзён пасля дзяцінства» (1975, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Зах. Берліне; Дзярж. прэмія СССР 1977), «Мелодыі белай ночы» (1977, з Японіяй), «Спадчынніца па прамой» (1982), «Выбраныя» (1983, з Калумбіяй) «Аса» (1988), «Чорная ружа — эмблема смутку, чырвоная ружа — эмблема любові» (1990), «Дом пад зорным небам» (1992), «Пяшчотны ўзрост» (2000) і інш.

т. 14, с. 104

САТУ́РН,

планета Сонечнай сістэмы, шостая па парадку ад Сонца і другая па памерах і масе. Астр. знак . Адносіцца да класа планет-гігантаў.

Сярэдняя адлегласць ад Сонца 1.43 млрд. км (эксцэнтрысітэт арбіты 0,056). Перыяд абарачэння вакол Сонца 29,46 зямнога года. Экватарыяльны дыяметр 120 536 км; з прычыны хуткага вярчэння вакол восі (перыяд каля 10,53 гадз) С. значна сплюснуты — палярны радыус меншы за экватарыяльны прыблізна на 6500 км. Маса 5,68∙10​26кг. Сярэдняя шчыльнасць — самая малая з усіх планет, 700 кг/м³ (прыблізна ўдвая менш за шчыльнасць Сонца). З Зямлі С. выглядае як жаўтаватая зорка, бляск якой мяняецца ад 0-й да 1-й візуальнай зорнай велічыні. С. з’яўляецца газавадкім целам у стане гідрастатычнай раўнавагі і не мае цвёрдай паверхні. Вонкавая газавая абалонка вадародна-геліевая, за ёй знаходзіцца абалонка ў асноўным з вадкага вадароду, потым — з металічнага вадароду. С. мае ўнутр. крыніцы энергіі і выпрамяняе ў 2,5 разу больш энергіі, чым атрымлівае ад Сонца; т-ра ў нетрах 12000 К. На С. назіраюцца воблакі, т-ра іх верхняй часткі каля -175 °C. Вось магн. поля амаль супадае з воссю вярчэння планеты. Напружанасць магн. поля на экватары роўная 0,7 зямной, унутр. магн. поле значна большае за зямное з-за вял. памераў. У сістэму С. ўваходзяць кольцы Сатурна і 18 спадарожнікаў (гл. Спадарожнікі планет); выяўлены радыяцыйныя паясы. Большасць звестак пра С. атрымана пры дапамозе аўтам. міжпланетных станцый «Піянер» і «Вояджэр».

Літ.:

Маров М.Я. Планеты Солнечной системы. 2 изд. М., 1986;

Система Сатурна: Пер. с англ. М., 1990.

А.​А.​Шымбалёў.

Планета Сатурн.

т. 14, с. 193