Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РЭ́ДКАЯ РЫ́ФМА, вышуканая рыфма,

рыфма, у якой сугуччы спалучаюць словы, вельмі розныя паводле сэнсу і стылявой афарбоўкі («цэлафан» — «цалаваў», «красой» — «расол»). Разнавіднасць Р.р. — экзатычная рыфма. Да Р.р. адносяцца тыя, у якіх спалучаны сугуччамі абрэвіятуры, варварызмы, лічбы:

Адціснуты зоркі пад самую столь,
І неба ў арэнду гарою забрана.
Узровень над морам — 3100.
Тут наша застава.
Тут землі Ірана.
(П.​Панчанка. «Слухаючы «Перапёлку»).

В.​П.​Рагойша

т. 13, с. 552

РЭНТГЕ́НАЎСКАЯ АСТРАНО́МІЯ,

раздзел пазаатмасфернай астраноміі, які вывучае крыніцы касм. рэнтгенаўскага выпрамянення з даўжынёй хвалі 0,01—10 нм.

Для даследавання касм. рэнтгенаўскага выпрамянення апаратуру выводзяць пры дапамозе касм. апаратаў за межы атмасферы Зямлі. Упершыню назіралася рэнтгенаўскае выпрамяненне Сонца ў 1948. Яго крыніцы — сонечная карона і храмасфера (рэнтгенаўская свяцільнасць Сонца — да 10​−6—10​−7 поўнай яго свяцільнасці). За межамі Сонечнай сістэмы рэнтгенаўскае выпрамяненне назіраецца з 1962. Крыніцы касм. рэнтгенаўскага выпрамянення (больш як 10​3) падзяляюцца на галактычныя і пазагалактычныя. Невял. частка галактычных крыніц атаясамліваецца з аптычнымі і радыёаб’ектамі. Сярод іх: рэшткі ўспышак звышновых зорак, падвойныя зоркі, адным з кампанентаў якіх з’яўляецца кампактны аб’ект — белы карлік, нейтронная зорка, чорная дзіра і інш. Пазагалактычныя крыніцы — некаторыя нармальныя галактыкі, скопішчы галактык, цэнтр. вобласці галактык, у якіх звышмасіўныя чорныя дзіры паглынаюць навакольны газ, радыёгалактыкі, квазары і інш.

Літ.:

Лонгейр М.С. Астрофизика высоких энергий: Пер. с англ. М., 1984.

Л.​А.​Шымбалёў.

т. 14, с. 15