Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РО́МЕР (Rømer, Roemer) Оле Крыстэнсен (25.9.1644, г. Орхус, Данія — 19.9.1710), дацкі астраном. Праф. Капенгагенскага ун-та (1681). На падставе вынікаў назіранняў руху спадарожнікаў Юпітэра ўпершыню вызначыў скорасць святла (1675). Вынайшаў і сканструяваў некалькі астр. інструментаў (мерыдыянны круг, пасажны інструмент і інш.), з дапамогай якіх вызначыў нябесныя каардынаты (схіленні і прамыя ўзыходжанні) больш за 1 тыс. зорак.

Літ.:

Паннекук А. История астрономии: Пер. с англ. М., 1966;

Голин Г.М. Филонович С.Р. Классики физической науки. М., 1989.

т. 13, с. 405

РОК-Н-РОЛ (англ. rock’n’roll, rock and roll літар. трасіся і пагойдвайся),

танцавальная музыка, асноўная і найбольш традыц. форма рок-музыкі. Узнікла ў пач. 1950-х г. у ЗША як вынік спалучэння «чорнага» стылю рытм-энд-блюз і «белага» хіл-білі. Упершыню тэрмін «Р.-н.-р.» ужыты ў 1951 амер. дыск-жакеем А.​Фрыдам. Уяўляе сабой сінтэз моцна акцэнтаванай рытмавай асновы блюза і мелодыкі стылю кантры. Характарызуецца маторна-танц. метрарытмам, выкарыстаннем эл.-муз. інструментаў, павышанай дынамікай, спецыфічнай вак.-выканальніцкай манерай, якая ўзыходзіць да стараж. негрыцянскіх традыцый. Першы шлягер Р.-н.-р. — песня «Рок вакол часу» Б.​Хейлі. Сярод зорак класічнага Р.-н.-р. Э.​Прэслі, Ч.​Бэры, Л.​Рычард і інш.

Дз.​А.​Падбярэзскі.

т. 13, с. 403