Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РА́ЙСКІ ПТАХ (лац. Apus),

каляпалярнае сузор’е Паўд. паўшар’я неба. Найб. яркія зоркі 3,8 і 3,9 візуальнай зорнай велічыні. Гл. Зорнае неба.

т. 13, с. 272

РА́ЙНЕС ((Reines) Фрэдэрык) (16.3.1918, г. Патэрсан, штат Нью-Джэрсі, ЗША — 26.8.1998),

амерыканскі фізік. Чл. Нац. АН ЗША (1980), Амер. акадэміі навук і мастацтваў (1966). Замежны чл. Рас. АН (1994). Продкі Р. паходзілі з Беларусі. Скончыў Тэхнал. ін-т імя Стывенса (г. Хобакен, штат Нью-Джэрсі). З 1944 у Лос-Аламоскай нац. лабараторыі ў Нью-Мехіка, удзельнічаў у распрацоўцы і выпрабаваннях атамнай і ядз. зброі. З 1959 праф. Тэхнал. ін-та імя Кейса (г. Кліўленд), з 1966 Каліфарнійскага ун-та (г. Ірвін; у 1964—74 дэкан фіз. ф-та). Навук. працы па фізіцы элементарных часціц, фізіцы касм. прамянёў і нейтрына, радыебіялогіі. Зарэгістраваў электроннае антынейтрына ў выпрамяненні ад ядз. рэактара (1956, разам з К.​Коўэнам), атм. нейтрына (1965) і ўсплескі нейтрына ад звышновай зоркі ў Вял. Магеланавым воблаку (1987). Эксперыментальна даказаў закон захавання барыённага зараду (1957). Нобелеўская прэмія 1995 (разам з М.Л.Перлам).

Тв.:

Рус. пер. — Нейтрино: от полтергейста к частице // Успехи физ. наук. 1996. Т. 166, вып. 12.

М.​М.​Касцюковіч.

Ф.Райнес.

т. 13, с. 271

РА́ЙЗМАН (Юлій Якаўлевіч) (15.12.1903, Масква — 10.12.1994),

расійскі кінарэжысёр. Нар. арт. Латвіі (1949). Нар. арт. СССР (1964). Герой Сац. Працы (1973). Праф. (1960). Вучыўся ў Маскоўскім ун-це. З 1924 літ. кансультант на кінастудыі «Міжрабпом-Русь». Быў асістэнтам рэж. Я.​Пратазанава. Першыя рэжысёрскія работы: «Круг» (1927), «Катарга» (1928), «Зямля чакае» (1930), «Апавяданне пра Умара Хапцока» (1932). Грамадз. пафас, уменне ствараць характары герояў у іх непарыўнай сувязі з духам часу, рэальным асяроддзем у фільмах: «Лётчыкі» (1935), «Апошняя ноч» (1937; гал. прэмія Міжнар. выстаўкі ў Парыжы 1937), «Узнятая цаліна» паводле М.​Шолахава (1940), «Машачка» (1942), «Кавалер Залатой Зоркі» (1951, гал. прэмія Міжнар. кінафестывалю ў г. Карлавы Вары), «Урок жыцця» (1955), «Камуніст» (1958), «А калі гэта каханне?» (1962), «Твой сучаснік» (1968), «Візіт ветлівасці» (1973), «Дзіўная жанчына» (1978), «Прыватнае жыццё» (1982), «Час жаданняў» (1984) і інш. Аўтар дакумент. фільмаў: «Да пытання пра перамір’е з Фінляндыяй» (1944), «Берлін» (1945), «Райніс» (1949). Дзярж. прэміі СССР 1941, 1943, 1946 (двойчы), 1950, 1952, 1983.

Тв.:

Когда фильм окончен. М., 1964;

Вчера и сегодня: [Рассказ о творческом пути]. М., 1969.

Літ.:

Зак М. Юлий Райзман. М., 1962;

Рыбак Л.А. В кадре — режиссер. М., 1974.

Ю.Я.Райзман.

т. 13, с. 270