РАВЕ́НСКІХ (Барыс Іванавіч) (27.6.1914, Масква — 10.1.1980),
расійскі рэжысёр. Нар. арт. СССР (1968). Скончыў Ленінградскі тэатр. тэхнікум (1935). З 1935 у т-ры У.Меерхольда, з 1940 у Маскоўскім маст. акад. т-ры, з 1941 рэжысёр Драм. студыі (пазней Маскоўскі драм. т-р імя К.Станіслаўскага), з 1951 — Малога т-ра, з 1960 гал. рэжысёр Маскоўскага драм. т-ра А.Пушкіна, у 1970—80 рэжысёр, гал. рэжысёр Малога т-ра. Творчасць адметная публіцыстычнасцю, псіхал. вастрынёй распрацаваных характараў, выразнай формай, эмацыянальнасцю. У сваіх пастаноўках удала выкарыстоўваў музыку, пластычную выразнасць для раскрыцця філас. зместу твора: «З каханнем не жартуюць» П.Кальдэрона (1949), «Вяселле з пасагам» М.Дзьяканава (1950), «Шакалы» А.Якабсана (1953), «Улада цемры» Л.Талстога (1956), «Чаму ўсміхаліся зоркі» А.Карнейчука, «Дзень нараджэння Тэрэзы» Г.Мдывані (1961), «Раманьёла» Л.Скуарцыны (1963), «Узнятая цаліна» паводле М.Шолахава (1964), «Драматычная песня» (кампазіцыя Р. і Анчарава паводле рамана М.Астроўскага «Як гартавалася сталь», 1971), «Цар Фёдар Іаанавіч» А.К.Талстога (1973). Дзярж. прэміі СССР 1951, 1972. Дзярж. прэмія Расіі 1967.
Р.І.Баравік.
т. 13, с. 192