ПУЛЬСА́ЦЫІ ЗО́РАК,
рэгулярныя ваганні памераў зорак з прычыны змены ціску і т-ры ў іх нетрах. Абумоўліваюць змену бляску многіх пераменных зорак — цэфеід, мірыд і інш.
Праяўляюцца на позніх этапах эвалюцыі зорак. У нетрах нармальнай зоркі вадарод ператвараецца ў гелій. Калі вадароду становіцца недастаткова для працякання рэакцыі, гравітацыйная сіла нарастае і зорка сціскаецца, у ядры ствараюцца ўмовы для ператварэння гелію ў вуглярод. На гэтай стадыі памеры зоркі павялічваюцца, яна пераходзіць у вобласць чырв. гігантаў. У вонкавых слаях працягваецца ператварэнне вадароду ў гелій. Нейтральны гелій непразрысты для ультрафіялетавага выпрамянення зоркі, якое паглынаецца ім, і газ іанізуецца. Іанізаваны гелій прапускае выпрамяненне, што выходзіць з унутр. слаёў зоркі. Гэта прыводзіць да ахаладжэння і сціскання зоркі, гелій зноў становіцца нейтральным і працэс паўтараецца.
Літ.:
Кокс Дж.П. Теория звездных пульсаций: Пер. с англ. М., 1983.
А.А.Шымбалёў.
т. 13, с. 122