Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПРО́КСІМА ЦЭНТА́ЎРА,

зорка 11 візуальнай зорнай велічыні; самая блізкая да Сонечнай сістэмы. Знаходзіцца на адлегласці 1,31 пк ад яе ў сузор’і Цэнтаўра, фізічная пераменная зорка. П.Ц і яркая зорка α Цэнтаўра, якая знаходзіцца на 0,02 пк далей, утвараюць фізічную падвойную зорку.

т. 13, с. 39

ПРО́ХАРАЎ (Якаў Васілевіч) (6.11.1870, в. Пажаркі Калужскай вобл., Расія — 1942),

рас. і бел. кампазітар, муз. этнограф. Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1904, кл. М.Рымскага-Корсакава). З 1921 супрацоўнік Дзярж. ін-та муз. навукі ў Маскве, уваходзіў у Беларускую песенную камісію. З 1924 выкладчык Бел. муз. тэхнікума ў Мінску. Збіраў песні народаў Расіі, бел. нар. песні (запісаў у розных мясцовасцях больш за 150 песень). Сярод муз. твораў: харавыя апрацоўкі 82 бел. нар. песень (у т. л. «Ой рана на Йвана», «Ах ты, зорка мая»), рамансы на словы Я.​Купалы і Я.​Коласа. Аўтар муз.-этнагр. прац. Сярод яго вучняў М.Аладаў.

т. 13, с. 43