ПРАЦЫЁН,
α Малога Пса, зорка 0,37 візуальнай зорнай велічыні, самая яркая ў сузор’і Малога Пса. Свяцільнасць у 7,7 раза большая за сонечную; адлегласць ад Сонца 3,5 пк. П. — фізічная падвойная зорка.
т. 13, с. 33
ПРАТАЗО́РКА (ад прата... + зорка),
умоўная назва цела, з якога фарміруецца зорка. Уяўляе сабой адасобленую з газапылавога воблака ў выніку яго гравітацыйнай няўстойлівасці шчыльную кандэнсацыю рэчыва, дзе яшчэ не дасягнуты т-ры, неабходныя для пачатку тэрмаядзерных рэакцый — асн. крыніцы энергіі зорак. Пры далейшым сцісканні (на працягу каля 20 млн. гадоў) рэчыва П. разаграваецца і т-ра ў яго нетрах узрастае да 10 млн. К і больш. Гэта стварае ўмовы для працякання рэакцый тэрмаядз. сінтэзу, пасля чаго сцісканне П. спыняецца — утвараецца зорка.
т. 13, с. 23
«ПРАТО́Н»,
1) серыя сав. даследчых ШСЗ для вывучэння касм. прамянёў і ўзаемадзеяння з рэчывам касм. часціц звышвысокіх энергій. Макс. маса каля 17 т. У 1965—68 запушчана 4 «П.»: у 1965—66 — «П.-1» — «П.-3» (маса навук. апаратуры 3,5 т), у 1968 — «П.-4» (маса навук. апаратуры 12,5 т). Палёты «П.» адкрылі новы кірунак у развіцці эксперым. і тэарэт. астрафізікі, фізікі элементарных часціц.
2) Сав. (рас.) 2—4-ступеньчатыя ракеты-носьбіты. Маса карыснага грузу, які выводзіцца на каляземную арбіту, больш за 20 т. Эксплуатуюцца з 1965. Запускі з касмадрома Байканур. Выкарыстоўваліся для запуску касм. апаратаў «Алмаз», «Венера», «Гарызонт», «Зонд», «Космас», «Месяц», «Марс», «Мір», «Салют», «Пратон», модуляў «Зара» і «Зорка» для міжнар. касм. станцыі і інш. Ажыццёўлены 157 паспяховых запускаў П. (2001).
У.С.Ларыёнаў.
т. 13, с. 25