Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПЛАНЕТА́РЫЙ (ад новалац. planetarium),

апарат для мадэліравання і дэманстрацыі выгляду зорнага неба, узаемнага размяшчэння планет і руху іх вакол Сонца, руху штучных нябесных цел, паказу розных астр. з’яў. Першы мех. П. пабудаваны ў 1712 у Англіі, з 1920-х г. пашыраны аптычныя П. Аснова П. — праекцыйны апарат.

П. устанаўліваюць у цэнтры круглага памяшкання з паўсферычным купалам-экранам (дыяметр самых вял. купалаў 25 м і болей). Відарысы зорак праецыруюцца 2 праектарамі ў выглядзе шароў (адзін для праецыравання Паўн. паўшар’я неба, другі — Паўднёвага). Відарысы інш. нябесных цел, асн. лініі нябеснай сферы, назвы ствараюцца дапаможнымі праектарамі і спец. прыладамі, размешчанымі паміж шарамі. Найб. сучасныя П. вырабляюцца ў Германіі, Японіі, ЗША. П. таксама наз. культ.-асв. ўстанова, дзе чытаюцца лекцыі па астраноміі з адпаведнымі дэманстрацыямі.

На Беларусі П. дзейнічаюць у Мінску ў парку імя Горкага (для ўсеагульнага карыстання) і пед. ун-це імя М.​Танка (для навуч. мэт).

А.​А.​Шымбалёў.

Схема планетарыя: 1 — паўночны і паўднёвы шары з праектарамі зорнага неба; 2 — паўночны і паўднёвы шары з праектарамі назваў сузор’яў; 3 — праектары Млечнага Шляху; 4 — праекцыйныя механізмы Сонца, Месяца і планет; 5 — праектар зоркі Сірыус; 6 — прылада для дэманстравання сонечных і месяцавых зацьменняў; 7 — праектар нябеснага мерыдыяна; 8 — праектары нябеснага экватара і экліптыкі.

т. 12, с. 406

ПЛЕЯ́ДЫ (грэч. Pleiades),

Стажары, рассеянае зорнае скопішча ў сузор’і Цяльца. Каля 300—500 зорак блакітнага колеру знаходзяцца ўнутры сферы дыяметрам каля 30 св. гадоў; простым вокам відаць 6 зорак, самая яркая — Альцыёна. Зоркі знаходзяцца ў блакітнаватай газава-пылавой адбівальнай туманнасці, у якой яны ўтварыліся (узрост П. каля 50 млн. гадоў). На небе П. маюць вуглавы памер каля 1,8°. Сярэдняя адлегласць ад Сонца 407 св. гадоў.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 12, с. 426

ПЛУТО́Н,

дзевятая па адлегласці ад Сонца і апошняя з вядомых планет Сонечнай сістэмы. Астр. знак ♇. Адкрыты К.​Томба (1930, ЗША). Існаванне П. тэарэтычна памылкова прадказаў амер. астраном П.​Ловел (1915) з аналізу ўзбурэнняў, якія П. быццам аказвае на рух планеты Нептун. Вывучэнне арбіты П. паказала, што Ловел памыліўся ў разліках і адкрыццё П. было выпадковым.

Бляск П. 14,7 візуальнай зорнай велічыні (простым вокам не назіраецца). Абарачаецца вакол Сонца па вельмі выцягнутай арбіце з перыядам 247,7 зямнога года і сярэдняй скорасцю 4,7 км/с; перасякае арбіту планеты Нептун. Сярэдняя адлегласць ад Сонца 39,4 а.а. Мае вял. спадарожнік Харон, параўнальны па памерах з П., таму сістэму П. — Харон наз. падвойнай планетай. Яны знаходзяцца блізка адзін ад аднаго і першапачаткова пры назіранні зліваліся ў адно цела (памеры П. былі завышаныя). Пры дапамозе касм. тэлескопа імя Э.​Хабла (1995, НАСА) атрыманы відарысы П. і Харона; вызначаны дыяметры П. — 2320 км і Харона — 1270 км, радыус арбіты Харона 19 130 км; перыяд абарачэння спадарожніка роўны перыяду вярчэння самога П. — 6,387 зямных сутак (сінхронная арбіта). Сярэдняя шчыльнасць П. 2,06∙10​3кг/м³, Харона 2,18 ∙10​3кг/м³. Абодва целы складаюцца ў асноўным з лёду; спектраскапічнымі метадамі на паверхні П. выяўлены замёрзлы метан; т-ра паверхні каля -228 °C Маса П. каля 1,79∙10​22 кг. У 1999 Міжнар. астр. саюз перавёў П. у разрад планет-астэроідаў з прысваеннем парадкавага нумара астэроіда і з захаваннем статуса планеты Сонечнай сістэмы.

Літ.:

Уипл Ф.Л. Семья Солнца: Пер. с англ. М., 1984;

Гребеников Е.А., Рябов Ю.А. Поиски и открытия планет. 2 изд. М., 1984;

Маров М.Я. Планеты Солнечной системы. 2 изд. М., 1986.

А.​А.​Шымбалёў.

Планета Плутон і яе спадарожнік Харон (касмічны тэлескоп імя Э.​Хабла, 1995, НАСА).

т. 12, с. 436