ПЕРСЕ́Й (лац. Perseus),
сузор’е Паўн. паўшар’я неба. Найб. яркія зоркі П. — α (Мірфак) і β (Альголь), 1,8 і 2,2—3,5 візуальнай зорнай велічыні; 90 зорак ярчэй 6-й зорнай велічыні. Зорка β П. — адна з найб. вядомых зацьменных пераменных зорак. У П знаходзіцца візуальна бачнае падвойнае рассеянае зорнае скопішча χ і η Персея. На тэр. Беларусі відаць увесь год, акрамя позняй вясны. Гл. Зорнае неба.
т. 12, с. 298
ПЕРАМЕ́ННЫЯ ЗО́РКІ,
зоркі, якія мяняюць сваю свяцільнасць за кароткія прамежкі часу. Бываюць зацьменныя і фізічныя П.з. У зацьменных бляск мяняецца з прычыны паўтаральных зацьменняў у цеснай падвойнай сістэме зорак (гл. Падвойныя зоркі). Фізічныя мяняюць бляск у выніку фіз. працэсаў, што адбываюцца ў самой зорцы, напр., з прычыны пульсацый або выбухаў. Фіз. П.з. бываюць: пульсуючыя (гл. Пульсацыя зорак) і эруптыўныя зоркі.
Літ.:
Цесевич В.П. Переменные звезды и их наблюдение. М., 1980.
т. 12, с. 281