ПАЗААТМАСФЕ́РНАЯ АСТРАНО́МІЯ,
раздзел астраноміі, які даследуе касм. аб’екты пры дапамозе апаратуры, выведзенай за межы зямной атмасферы.
Празрыстасць атмасферы Зямлі абмежавана 2 вузкімі спектральнымі ўчасткамі ў дыяпазонах бачнага святла і радыёхваль. Выпрамяненне інш. частот ад касм. аб’ектаў паглынаецца атмасферай. Значныя перашкоды для наземных назіранняў абумоўлены таксама воблакамі, рухам паветр. мас, запыленасцю, пераламленнем святла на тэрмічных неаднароднасцях і інш. Уплыў атмасферы на назіранні зводзіцца да нуля на вышыні 34 км. П.а. дала магчымасць праводзіць даследаванні ва ўсім дыяпазоне эл.-магн. хваль, у т. л. ў рэнтгенаўскім і гама-дыяпазонах. Атрыманы ультрафіялетавыя спектры многіх зорак, высакаякасныя дэталёвыя фатаграфіі Сонца; у інфрачырв. частцы спектра некаторых халодных зорак выяўлены палосы вады. Даследаванні праводзяцца з дапамогай стратастатаў, ракет, ШСЗ, касм. станцый, а таксама ў абсерваторыях, размешчаных на ШСЗ (напр., з 1990 на арбіце працуе касм. тэлескоп Хабла — рэфлектар з дыяметрам люстэрка 2,4 м; вышыня 600 км над Зямлёй; ЗША).
Літ.:
Крат В.А., Котляр Л.М. Стратосферная астрономия. Л., 1976.
А.А.Шымбалёў.
т. 11, с. 515
ПАЗАЗЕ́МНЫЯ ЦЫВІЛІЗА́ЦЫІ,
высокаарганізаваныя формы жыцця (аб’яднанні разумных істот), якія могуць існаваць ці, магчыма, існавалі ў Сусвеце па-за межамі Зямлі.
Здаўна лічылася, што існуюць планеты, населеныя разумнымі істотамі. Развіццё навукі, палёты міжпланетных касм. апаратаў паказалі, што планеты Сонечнай сістэмы не маюць прыкмет жыццядзейнасці. Імавернасць існавання П.ц. на планетных сістэмах інш. зорак пакуль што не можа быць ацэнена верагодна. У 1960-х г. заснавана міжнар. праграма SETI (Search for ExtraTerrestrial Intelligence — пошук пазаземных цывілізацый), якая дапускае магчымасць рэалізацыі ўмоў жыцця, падобных да зямных (умераныя т-ра і вільготнасць, пастаянная яркасць Сонца і інш.), у інш. месцах Галактыкі. Спробы пошуку іншапланетных цывілізацый не далі канкрэтных вынікаў. Іншы шлях пошуку П.ц. — вывучэнне міфалогіі народаў Зямлі і гіст. помнікаў, якія маглі б сведчыць пра наведванне Зямлі іншапланецянамі. Аднак бясспрэчных доказаў кантакту з прадстаўнікамі П.ц. на Зямлі не знойдзена.
А.А.Шымбалёў.
т. 11, с. 515