Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МАРСКІ́Я ЗО́РКІ (Asteroidea),

клас беспазваночных жывёл тыпу ігласкурых. Вядомы з ардовіку (каля 400 млн. гадоў назад). З вымерлыя і 8 сучасных атр., 30 сям., 300 родаў, больш за 1500 відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах. Жывуць на дне, да глыб. 10 км. На Беларусі вапнавыя шыпы М.з. знойдзены ў сярэднеардовікскіх адкладах.

Памеры ад 1 см да 1 м. Цела звычайна мае форму 5-прамянёвай, часам многапрамянёвай (да 50 прамянёў) зоркі або пяцівугольніка. Многія ярка афарбаваны. Шкілет унутраны. Шкілетныя пласцінкі скуры ўзброены шыпамі, іголкамі, часам педыцылярыямі (гл. Марскія вожыкі). Рухаюцца з дапамогай амбулакральных ножак. Пераважна драпежнікі. кормяцца малюскамі і інш. беспазваночнымі, некат. грунтаеды. Большасць раздзельнаполыя. Развіццё з метамарфозам (плаваючая лічынка); некат. жывародныя. Здольныя да рэгенерацыі страчаных частак цела.

Марскія зоркі: 1 — афідыястэр; 2 — лінкія; 3 — саластэр; 4 — протарэастэр; 5 — арэастэр; 6 — нардоа.

т. 10, с. 134

МІЖЗО́РНАЕ АСЯРО́ДДЗЕ,

матэрыяльнае асяроддзе, якое запаўняе прастору паміж зоркамі, што належаць адной галактыцы. Паблізу межаў галактык М.а. пераходзіць у міжгалактычнае асяроддзе, а паблізу зорак — у міжпланетнае асяроддзе.

М.а. складаецца з газу (асн. кампанента), пылу, эл.-магн. выпрамянення, касмічных прамянёў і інш. відаў матэрыі. Сярэдняя шчыльнасць М.а. — 10​−24—10​−26 г/см³. Найб. канцэнтрацыя масы М.а. — у спіральных рукавах Галактыкі. Асн. кампаненты міжзорнага газу — вадарод (каля 90%) і гелій (каля 10%), выяўлены таксама кальцый, натрый, вада, аміяк, фармальдэгіды; т-ра газу 10—100 К. Пыл складае каля 0,15% масы Галактыкі і з’яўляецца прычынай міжзорнага паглынання. Паміж зоркамі і М.а. у Галактыцы бесперапынна адбываецца абмен рэчывам. Зоркі выкідваюць рэчыва на розных стадыях эвалюцыі, асабліва пры катастрофах (гл. Новыя зоркі, Звышновыя зоркі), а ў шчыльных газапылавых комплексах утвараюцца маладыя зоркі.

Літ.:

Каплан С.А., Пикельнер С.Б. Физика межзвездной среды. М., 1979.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 10, с. 336

МІКРАСКО́П (лац. Microscopium),

сузор’е Паўд. паўшар’я неба. У ім адсутнічаюць зоркі ярчэй 4,0 візуальнай зорнай велічыні. Гл. Зорнае неба.

т. 10, с. 361

МУ́ХА (лац. Musca),

сузор’е Паўд. паўшар’я неба. Найб. яркія зоркі маюць бляск 2,7 і 3,0 візуальнай зорнай велічыні. З тэр. Беларусі не відаць. Гл. Зорнае неба.

т. 11, с. 41

«МА́СА—СВЯЦІ́ЛЬНАСЦЬ» ДЫЯГРАМА ў астраноміі,

залежнасць паміж масамі зорак і іх свяцільнасцямі. Тэарэтычна прадказана А.Эдынгтанам у пач. 20 ст. На аснове законаў нябеснай механікі вызначаны масы некаторых зорак, якія ўваходзяць у склад падвойных зорак. Для іх выяўлена эмпірычная залежнасць паміж масай і баламетрычнай свяцільнасцю: Lbol=M​3,9, дзе L — свяцільнасць зоркі, М — яе маса. З формулы вынікае, што ў верхняй частцы галоўнай паслядоўнасці (гл. Герцшпрунга—Рэсела дыяграма) знаходзяцца самыя масіўныя зоркі з масамі, у дзесяткі разоў большымі за сонечную. Выкарыстанне «М.—с.» д. дае магчымасць па вядомай свяцільнасці вызначаць масы адзіночных зорак, для якіх гэта нельга зрабіць з непасрэдных назіранняў.

А.​А.​Шымбалёў.

«Маса—свяцільнасць» дыяграма для зорак галоўнай паслядоўнасці.

т. 10, с. 166

МАЛЫ́ ПЁС (лац. Canis Minor),

экватарыяльнае сузор’е. Найб. яркія зоркі — α (Працыён) і β — маюць бляск 0,4 і 2,9 візуальнай зорнай велічыні. На тэр. Беларусі відаць круглы год (найлепш у снеж.—лютым). Гл. Зорнае неба.

Сузор’е Малы Пёс.

т. 10, с. 39

МІ́ЦАР, ζ Вялікай Мядзведзіцы; падвойная зорка. Кампаненты з зорнымі велічынямі 2,4 (Міцар) і 4,0 (Алькор) утвараюць фіз. пару з вуглавой адлегласцю 11,8. М. і Алькор (араб. конь і коннік) — самая вядомая і найб. даступная для назірання падвойная зорка. Абодва кампаненты, у сваю чаргу, — спектральна-падвойныя зоркі.

т. 10, с. 487

МО́НДЗЕЕ,

энеалітычная культура Верхняй Аўстрыі і Зальцбурга (2-я пал. 3—1-я пал. 2-га тыс. да н.э.). Назва ад аднайм. паселішча на па́лях (у Аўстрыі). Для М. характэрны паселішчы на вяршынях пагоркаў, умацаваныя равамі і частаколамі. Насельніцтва займалася земляробствам і жывёлагадоўляй, выкарыстоўвала медзь для вырабу плоскіх сякер, ромбападобных кінжалаў і ўпрыгожанняў. Адметныя рысы керамікі — канцэнтрычныя кругі, спіралі і зоркі, запоўненыя белай пастай.

І.​М.​Язэпенка.

т. 10, с. 519

МІЖЗО́РНАЕ ПАГЛЫНА́ННЕ,

аслабленне святла пры праходжанні ў міжзорным асяроддзі. Абумоўлена рассеяннем і паглынаннем святла пылавымі часцінкамі і ў бачнай вобласці спектра залежыць ад даўжыні хвалі λ прыкладна як ​1/λ. Важная ўласцівасць М.п. — яго выбіральнасць (залежнасць паглынання ад даўжыні хвалі святла — паглынанне павялічваецца да сіняй часткі спектра). Таму далёкія зоркі выглядаюць больш чырвонымі. Пылавая матэрыя размеркавана нераўнамерна: канцэнтруецца да плоскасці Галактыкі і асабліва да яе спіральных рукавоў. У галактычнай плоскасці М.п. рознае ў розных напрамках і мяняецца ад некалькіх дзесяткаў да некалькіх зорных велічынь ад адлегласці ў 1 КПС.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 10, с. 336

МАЛЧА́НАВА (Зоя Іванаўна) (н. 31.12. 1913, С.-Пецярбург),

расійская і бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1966). Скончыла студыю т-ра Ленінградскага савета прафсаюзаў (1936). Працавала ў т-рах Ленінграда, Выбарга, Мурманска. У 1956—68 у Магілёўскім абл. драм. т-ры. Раскрываючы ўнутр. свет сваіх гераінь, спалучала яркую сцэн. форму з выразнымі дэталямі. Сярод роляў у Магілёўскім т-ры: Мар’я («Галоўная стаўка» К.​Губарэвіча), Вольга Мікалаеўна («Гэта было ў Магілёве» Я.​Тарасава), Ягадка («Амністыя» М.​Матукоўскага), Кручыніна («Без віны вінаватыя» А.​Астроўскага), Тэрэза («Дзень нараджэння Тэрэзы» Г.​Мдывані), Кацярына Бяссмертная («Чаму ўсміхаліся зоркі» А.​Карнейчука), мадэмуазель Куку («Безымянная зорка» М.​Себасцьяна).

Г.​Р.​Герштэйн.

т. 10, с. 38