Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МІЖЗО́РНАЕ ПАГЛЫНА́ННЕ,

аслабленне святла пры праходжанні ў міжзорным асяроддзі. Абумоўлена рассеяннем і паглынаннем святла пылавымі часцінкамі і ў бачнай вобласці спектра залежыць ад даўжыні хвалі λ прыкладна як ​1/λ. Важная ўласцівасць М.п. — яго выбіральнасць (залежнасць паглынання ад даўжыні хвалі святла — паглынанне павялічваецца да сіняй часткі спектра). Таму далёкія зоркі выглядаюць больш чырвонымі. Пылавая матэрыя размеркавана нераўнамерна: канцэнтруецца да плоскасці Галактыкі і асабліва да яе спіральных рукавоў. У галактычнай плоскасці М.п. рознае ў розных напрамках і мяняецца ад некалькіх дзесяткаў да некалькіх зорных велічынь ад адлегласці ў 1 КПС.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 10, с. 336

МІЖНАРО́ДНЫ АСТРАНАМІ́ЧНЫ САЮ́З (MAC; International Astronomical Union),

навуковая арганізацыя, якая садзейнічае развіццю астраноміі ва ўсіх яе аспектах. Засн. ў 1919. Асн. мэты: каардынацыя ў міжнар. маштабе астр. даследаванняў (астрафізіка, зорная астраномія, радыёастраномія, планетныя сістэмы, фундаментальная астраномія і інш.), афіцыйнае прысваенне назваў і абазначэнняў астр. целам і дэталям іх паверхні і інш. Члены MAC 60 краін (1999). Сакратарыят — у Парыжы.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 10, с. 341

МІКРАСКО́П (лац. Microscopium),

сузор’е Паўд. паўшар’я неба. У ім адсутнічаюць зоркі ярчэй 4,0 візуальнай зорнай велічыні. Гл. Зорнае неба.

т. 10, с. 361

МІНАТА́ЎР,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі пачвара-людаед з галавой быка і целам чалавека. Яго ўласнае імя — Астэрый («Зорны»). Народжаны жонкай крыцкага цара Мінаса (дачкой Геліяса) Пасіфаяй ад свяшчэннага быка бога Пасейдона або ад самога Пасейдона. Мінас пасяліў М. ў падземным лабірынце, куды яму прыносілі ў ахвяру (штогод або некалькі разоў на год) па сем юнакоў і дзяўчат з падуладных Мінасу Афін. Забіты героем Тэсеем.

т. 10, с. 379

МІ́РА (лац. Mira літар. дзіўная),

Омікрон Кіта, пераменная зорка экватарыяльнага сузор’я Кіта; першая зорка, у якой выяўлена пераменнасць бляску (1596). Граніцы змены бляску ад 10,1 да 2 зорнай велічыні, перыяд каля 331,5 сут. Звышгігант, у папярочніку ў 400 разоў большы за Сонца.

т. 10, с. 461

МІХА́ЙЛАЎ (Аляксандр Аляксандравіч) (26.4.1888, г. Маршанск Тамбоўскай вобл., Расія — 29.9.1983),

расійскі астраном і гравіметрыст. Акад. АН СССР (1964; чл.-кар. 1943). Герой Сац. Працы (1978). Скончыў Маскоўскі ун-т (1911), дзе і працаваў з 1914 (у 1918—48 праф.). З 1947 у Гал. астр. абсерваторыі АН СССР (да 1964 дырэктар). У 1939—62 старшыня Астр. савета АН СССР, у 1934—60 прэзідэнт Усесаюзнага астранома-геад. т-ва. Навук. працы па тэорыі зацьменняў, тэорыі фігуры Зямлі, складанні зорных карт і каталогаў. Распрацаваў тэорыю зацьменняў Сонца, перадвылічыў абставіны 8 зацьменняў, праходжання планет па дыску Сонца, пакрыцця зорак Месяцам і інш. Удзельнік многіх гравіметрычных даследаванняў і экспедыцый па назіранні сонечных зацьменняў.

Тв.:

Теория затмений. 2 изд. М., 1954;

Звездный атлас, содержащий звезды до 8,25 величины. 3 изд. Л., 1969.

Аляксандр Аляксандравіч Міхайлаў.

т. 10, с. 481

МІ́ЦАР, ζ Вялікай Мядзведзіцы; падвойная зорка. Кампаненты з зорнымі велічынямі 2,4 (Міцар) і 4,0 (Алькор) утвараюць фіз. пару з вуглавой адлегласцю 11,8. М. і Алькор (араб. конь і коннік) — самая вядомая і найб. даступная для назірання падвойная зорка. Абодва кампаненты, у сваю чаргу, — спектральна-падвойныя зоркі.

т. 10, с. 487