МІЖЗО́РНАЕ АСЯРО́ДДЗЕ,
матэрыяльнае асяроддзе, якое запаўняе прастору паміж зоркамі, што належаць адной галактыцы. Паблізу межаў галактык М.а. пераходзіць у міжгалактычнае асяроддзе, а паблізу зорак — у міжпланетнае асяроддзе.
М.а. складаецца з газу (асн. кампанента), пылу, эл.-магн. выпрамянення, касмічных прамянёў і інш. відаў матэрыі. Сярэдняя шчыльнасць М.а. — 10−24—10−26 г/см³. Найб. канцэнтрацыя масы М.а. — у спіральных рукавах Галактыкі. Асн. кампаненты міжзорнага газу — вадарод (каля 90%) і гелій (каля 10%), выяўлены таксама кальцый, натрый, вада, аміяк, фармальдэгіды; т-ра газу 10—100 К. Пыл складае каля 0,15% масы Галактыкі і з’яўляецца прычынай міжзорнага паглынання. Паміж зоркамі і М.а. у Галактыцы бесперапынна адбываецца абмен рэчывам. Зоркі выкідваюць рэчыва на розных стадыях эвалюцыі, асабліва пры катастрофах (гл. Новыя зоркі, Звышновыя зоркі), а ў шчыльных газапылавых комплексах утвараюцца маладыя зоркі.
Літ.:
Каплан С.А., Пикельнер С.Б. Физика межзвездной среды. М., 1979.
А.А.Шымбалёў.
т. 10, с. 336
МІЖПЛАНЕ́ТНАЕ АСЯРО́ДДЗЕ,
матэрыяльнае асяроддзе, якое запаўняе прастору ўнутры планетных сістэм Сонца і інш. зорак. Склад і ўласцівасці М.а. вызначаюцца тыпам зоркі. М.а. складаецца з цвёрдых цел (памеры ад 103 м і менш), дробных часцінак і пылу, што ўтвараюцца пры сутыкненнях малых планет і распадзе ядраў камет, а таксама іонаў і электронаў, якія выкідваюцца з сонечнай кароны (сонечны вецер), і касмічных прамянёў.
Газавая кампанента М.а. з-за ўздзеяння сонечнага ветру малая; усюды выяўлены ў невял. колькасці нейтральны вадарод (паблізу арбіты Зямлі яго канцэнтрацыя 0,01 атама у 1 см³). Большасць цвёрдых цел М.а. рухаецца вакол Сонца паблізу плоскасці экліптыкі (канцэнтрацыя іх павялічваецца ў напрамку да Сонца). Шчыльнасць часцінак пылу 2—8 г/см³. Часцінкі памерам меней за 1 мкм выносяцца з Сонечнай сістэмы пад уздзеяннем светлавога ціску сонечных прамянёў. Каля 16 тыс. т міжпланетных часцінак пылу асядаюць штогод на зямную паверхню.
А.А.Шымбалёў.
т. 10, с. 347