МО́НДЗЕЕ,
энеалітычная культура Верхняй Аўстрыі і Зальцбурга (2-я пал. 3—1-я пал. 2-га тыс. да н.э.). Назва ад аднайм. паселішча на па́лях (у Аўстрыі). Для М. характэрны паселішчы на вяршынях пагоркаў, умацаваныя равамі і частаколамі. Насельніцтва займалася земляробствам і жывёлагадоўляй, выкарыстоўвала медзь для вырабу плоскіх сякер, ромбападобных кінжалаў і ўпрыгожанняў. Адметныя рысы керамікі — канцэнтрычныя кругі, спіралі і зоркі, запоўненыя белай пастай.
І.М.Язэпенка.
т. 10, с. 519