Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МАРСКІ́Я ЗО́РКІ (Asteroidea),

клас беспазваночных жывёл тыпу ігласкурых. Вядомы з ардовіку (каля 400 млн. гадоў назад). З вымерлыя і 8 сучасных атр., 30 сям., 300 родаў, больш за 1500 відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах. Жывуць на дне, да глыб. 10 км. На Беларусі вапнавыя шыпы М.з. знойдзены ў сярэднеардовікскіх адкладах.

Памеры ад 1 см да 1 м. Цела звычайна мае форму 5-прамянёвай, часам многапрамянёвай (да 50 прамянёў) зоркі або пяцівугольніка. Многія ярка афарбаваны. Шкілет унутраны. Шкілетныя пласцінкі скуры ўзброены шыпамі, іголкамі, часам педыцылярыямі (гл. Марскія вожыкі). Рухаюцца з дапамогай амбулакральных ножак. Пераважна драпежнікі. кормяцца малюскамі і інш. беспазваночнымі, некат. грунтаеды. Большасць раздзельнаполыя. Развіццё з метамарфозам (плаваючая лічынка); некат. жывародныя. Здольныя да рэгенерацыі страчаных частак цела.

Марскія зоркі: 1 — афідыястэр; 2 — лінкія; 3 — саластэр; 4 — протарэастэр; 5 — арэастэр; 6 — нардоа.

т. 10, с. 134

МАРУ́К (Уладзімір Антонавіч) (н. 6.1. 1954, в. Гута Ганцавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. паэт, публіцыст. Скончыў БДУ (1980). Працаваў у бібліятэках Ганцавіцкага р-на, з 1982 у газ. «Звязда», з 1986 у выд-ве «Юнацтва», з 1998 у выд-ве «Белфакс». Друкуецца з 1972. Яго паэзія засяроджана на мінулым і сучасным Бацькаўшчыны, складаных праблемах часу, веры ў чалавека, узаемасувязях яго з прыродаю: зб-кі «Зоркі ў кронах» (1982), «Ліст рабіне» (1987), «Інкрустацыя голасам» (1991). Піша для дзяцей (зб. «Ехаў Чыж у Парыж», 1994). Выступае з артыкуламі па маральна-этычных праблемах, пра культуру на вёсцы, нар. традыцыі.

І.​У.​Саламевіч.

т. 10, с. 142