Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ЛЕЎ (лац. Leo),

задыякальнае сузор’е. Найб. яркая зорка Рэгул (α Л.), 1-й зорнай велічыні, разам з зоркамі β, δ, γ утварае трапецыю; 70 зорак ярчэй 6-й зорнай велічыні. З тэр. Беларусі відаць зімой і вясной.

Сузор’е Леў.

т. 9, с. 224

ЛА́ЗАРАЎ (Аляксандр Сяргеевіч) (н. 3.1.1938, С.-Пецярбург),

расійскі акцёр. Нар. арт. Расіі (1977). Скончыў школу-студыю МХАТа (1959), працуе ў т-ры імя Маякоўскага (Масква). Творчасць адметная майстэрствам псіхал. і сац. абмалёўкі персанажа. У рэпертуары драм., камедыйныя, вострахарактарныя ролі: Звяздзінскі («Плады асветы» Л.​Талстога), Хлудаў («Бег» М.​Булгакава), Ясон («Медэя» Эўрыпіда), Георгій Абашвілі, Давід («Каўказскі ’мелавы круг» Б.​Брэхта), Віктар («Іркуцкая гісторыя» А.​Арбузава), Жорж Піту («Смех лангусты» Дж.​Марэла). Зняўся ў кіна- і тэлефільмах: «Яшчэ раз пра каханне», «Праз церні да зорак», «Кветкі запозненыя», «Казка, расказаная ноччу», «Дзямідавы», «Вар’яцкі дзень інжынера Баркасава» і інш. Дзярж. прэмія СССР 1977.

т. 9, с. 98

ЛІ́ДСКІЯ КУФРЫ́,

вырабы нар. майстроў г. Ліды Гродзенскай вобл. і навакольных вёсак. Промысел пашыраны ў 19—1-й пал. 20 ст. Вылучаюцца стрыманым графічна-выразным, рытмічна строгім паліхромным арнаментам аздобы, дэкар. прапілоўкай ножак. Найб. размалёўвалі века і пярэднюю сценку, бакавыя аздаблялі сціплымі паскамі-абводкамі вуглоў і ручак. Малюнак клеявымі і алейнымі (пераважна чырвонай, жоўтай, белай, чорнай) фарбамі наносілі штампам з сырой бульбіны, рэпы, радзей малявалі ад рукі ці выкарыстоўвалі папяровыя трафарэты. Арнаментальныя кампазіцыі складаліся з прамых ці хвалістых паскаў-ланцужкоў, кругоў розных памераў, якія ўтваралі маляўнічыя разеткі, кветак валошкі і рамонку, зорак, лістоў і інш. Узорыстыя ланцужкі арнаменту размяшчаліся каля паскаў акоўкі, якая абводзілася чорнай фарбай (калі акоўкі не было, яе імітавалі фарбамі). У наш час промысел заняпаў.

М.​Ф.​Раманюк.

Да арт. Лідскія куфры. Куфар. Шчучынскі раён. Канец 19 ст.

т. 9, с. 252

ЛЯВО́НАЎ (Аляксей Архіпавіч) (н. 30.5. 1934, с. Лісцвянка Кемераўскага р-на, Расія),

савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1965, 1975), лётчык-касманаўт СССР (1965), ген.-маёр авіяцыі (1975, з 1997 у адстаўцы). Канд. тэхн. н. (1981). Чл. Саюза мастакоў Расіі. Скончыў Чугуеўскае ваен. авіяц. вучылішча лётчыкаў (1957), Ваенна-паветр. інж. акадэмію імя Жукоўскага (1968). З 1960 у атрадзе касманаўтаў. 18—19.3.1965 з П.І.Бяляевым здзейсніў палёт на касм. караблі «Усход-2» (як 2-і пілот), у час якога ўпершыню ў свеце выйшаў у адкрыты космас (12 мін); 15—21.7.1975 з В.​М.​Кубасавым — палёт на касм. караблі «Саюз-19» (як камандзір) па праграме ЭПАС. У космасе правёў 7,02 сут. Аўтар кн. «Сонечны вецер» (1977), кнігі-альбома «Жыццё сярод зорак» (1981, з А.​К.​Сакаловым). Дзярж. прэмія СССР 1981. Залаты медаль імя Ю.​А.​Гагарына.

У.​С.​Ларыёнаў.

А.А.Лявонаў.

т. 9, с. 417

ЛЕГЕ́НДА (лац. legenda літар. тое, што трэба прачытаць),

фальклорны і літаратурны жанр, у аснове якога фантаст. падзея або герой падаюцца як сапраўдныя. Рэальныя падзеі ў Л. пераплятаюцца з фантастычнымі. У параўнанні з паданнем, дзе расказваецца толькі пра мінулае, якое яшчэ помніцца, Л. менш ахоплівае гіст. і быт. абставіны дзеяння. Калі ў Л. свабодна развіваецца маст. выдумка, яна збліжаецца з казкаю. Падзяляюцца Л. на касмаганічныя, тапанімічныя, этыялагічныя, этнаганічныя, зааганічныя, рэлігійныя (апакрыфічныя), гіст., сац.-утапічныя і інш.

Спачатку Л. — жыціе святога. Першы зб. лац. хрысціянскіх Л. «Залатая легенда» (13 ст.) перакладзены потым на многія мовы. Паступова назва пашыралася на ўсе маральна-павучальныя рэліг. апавяданні, якія фантастычна тлумачаць падзеі на падставе нар. рэлігійных, гіст., сац.-утапічных, этычных і інш. поглядаў. Самыя стараж. Л. касмаганічныя — пра стварэнне сусвету, Зямлі, Сонца, зорак і інш. У іх усё стварае Бог, дзейнічае д’ябал (запісы Е.​Раманава, У.​Дабравольскага, М.​Федароўскага, А.​Сержпутоўскага і інш.). Этыялагічныя Л. фантастычна тлумачаць паходжанне жывёл; тапанімічныя — узнікненне гарадоў, вёсак, рэк, азёр, урочышчаў і іх назваў; этнаганічныя — паходжанне народаў, плямён і інш. Шмат Л. пра вандроўкі Хрыста, святых. Гіст. Л. — пра важныя гіст. падзеі, вядомых асоб (Пятра I, каралёў Саса, Панятоўскага, вайну 1812 і інш.). Выкрыццё сац. несправядлівасці — асн. змест сац.-утапічных і быт. Л. Самы пашыраны сюжэт Л. — «Мадэй» (апубл. 43 польскія, 8 рус., 6 бел тэкстаў) — дараванне грахоў вял. грэшніку за забойства жорсткага прыганятага.

Літ. Л. часта грунтуюцца на фалькл. сюжэтах. Сюжэты, матывы і вобразы Л. выкарыстоўвалі І.​В.​Гётэ, А.​Пушкін, М.​Някрасаў, Я.​Купала, Я.​Колас, М.​Багдановіч, У.​Караткевіч і інш.

Публ.:

Романов Е.Р. Белорусский сборник. Вып. 4. Витебск, 1891;

Добровольский В.Н. Смоленский этнографический сборник. Ч. 1. СПб., 1891;

Шейн П.В. Материалы для изучения быта и языка русского населения Северо-Западного края. Т. 2. СПб., 1893;

Federowski M. Lud białoruski na Rusi Litewskiej. T. 1—2. Kraków, 1897—1902;

Сержпутовский А.К. Сказки и рассказы белорусов-полешуков. СПб., 1911;

Яго ж. Казкі і апавяданні беларусаў з Слуцкага павета. Мн., 1926; Яго ж. Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў. Мн., 1930; Легенды і паданні. Мн., 1983; Афанасьев А.Н. Народные русские легенды. Новосибирск, 1990; Легенди та перекази. Київ, 1985.

Літ.:

Карский Е.Ф. Белорусы. Т. 3, вып. 1. М., 1916;

Азбелев С.Н. Отношение предания, легенды и сказки к действительности // Славянский фольклор и историческая действительность. М., 1965;

Чистов К.В. Русские народные социально-утопические легенды XVII—XIX вв. М., 1967;

Беларуская народма-паэтычная творчасць. Мн., 1979.

І.​У.​Саламевіч.

т. 9, с. 182