ЛУ́КША (Валянцін Антонавіч) (н. 16.11.1937, г. Полацк Віцебскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў Полацкі лясны тэхнікум (1956), Вышэйшую парт. школу пры ЦККПСС (1976). З 1956 працаваў у Пензенскай аэрафоталесаўпарадчай экспедыцыі, інструктарам Полацкага гаркома ЛКСМБ, у трэсце «Нафтабуд» (Полацк). З 1961 журналіст, з 1973 на Бел. радыё, у 1980—98 дырэктар выд-ва «Юнацтва». Друкуецца з 1956. Асн. матывы яго паэзіі — расказ пра моладзь, рамант. героіка прац. будняў, мінулае і сённяшняе роднага краю, карціны побыту краін, дзе пабываў сам (зб-кі «Гарады нараджаюцца сёння», 1964; «Атава», 1969; «Споведзь», 1973; «Агонь і попел», 1989; «Агні далёкіх гарадоў», 1992; паэма-хроніка «Белыя берагі», 1981; гераічная драма-паэма «Падснежнікі для Веры», 1986). Аўтар кніг публіцыстыкі і нарысаў «Наша, полацкая прафесія» (1966), «Рамантыкі шасцідзесятых» (1967), «Дзесяць дарог да чароўнага» (1970), «Полацк» (1973), радыёп’ес «Інтэгралы на цэгле» (1974), «Мая радня» (1975), «Свае крылы» (1976); лібрэта радыёоперы К.Цесакова паводле «Палескай хронікі» І.Мележа «Барвовы золак» (паст. 1979); п’ес «Калі вяртаюцца буслы» (1982), «Пад шыфрам «Зорачка» і «Чароўны камень» (абедзве 1985), «Прывіды з могільніка аўтамабіляў» (1990) і інш. Выдаў кнігі вершаў і казак для дзяцей «Аркестр» (1972), «Зялёная бальніца» (1974), «Лета — круглы год» (1978), «Крылаты цэх» (1982), «Як Ліса вучылася лётаць» (1991) і інш., сатыр. і гумарыстычных вершаў і фельетонаў «Радзімыя плямы» (1982). На вершы Л. напісана шмат песень. Літ. прэмія імя П.Броўкі 1994. Дзярж. прэмія Беларусі 1996.
ЛО́ЙКА (Алег Антонавіч) (н. 1.5.1931, г. Слонім Гродзенскай вобл.),
бел. пісьменнік, літ.-знавец, крытык. Чл.-кар.Нац.АН Беларусі (1989). Д-рфілал.н. (1969), праф. (1971). Скончыў БДУ (1953), працуе ў ім (з 1985 заг. кафедры бел. л-ры). З 1996 адначасова выкладае ва ун-це ў г. Седльцы (Польшча). Друкуецца з 1943. Паэзіі Л. ўласцівы рамантычна-ўзнёслае светабачанне, мяккі гумар, сувязь з фальклорам, сцвярджэнне маральных прынцыпаў народа, роздум над складанымі праблемамі часу (зб-кі «На юначым шляху», 1959; «Блакітнае азерца», 1965; «Дзівасіл», 1969; «Шчырасць», 1973; «Няроўныя даты», 1983; «Грайна», 1986; «Талая вясна», 1990; «Трэці золак», 1993, і інш.). Распрацоўвае гіст. тэматыку: паэмы «Белая вежа» (1969), «Лясун» (1971) і інш. Тэме Вял.Айч. вайны прысвечаны паэмы «Хлопец над вогненным плёсам» (1963), «У шэсць гадзін вечара пасля вайны» (1985), драматызаваная паэма «Вяселле — заўтра» (1993) і інш. Развівае жанр балады (зб. «Балады вайны і міру», 1988). У дакумент.-маст. рамане «Як агонь, як вада...» (1984, 2-я рэд. 1992; пад назваю «Янка Купала» выдаваўся ў серыі «Жыццё выдатных людзей» у 1982) стварыў рамантызаваны, псіхалагічна праўдзівы вобраз нар. песняра. Жыццю і дзейнасці бел. першадрукара прысвечаны інтэлектуальна-філас. раман-эсэ «Францыск Скарына, або Сонца Маладзіковае» (1990; пад назваю «Скарына» выдаваўся ў серыі «Жыццё выдатных людзей» у 1989, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1990), аповесць «Скарына на Градчанах» (1990). Аўтар аповесці «Кельты не ўміраюць...» (1997). Даследуе сучасную паэзію («Сустрэчы з днём сённяшнім», 1968; «Паэзія і час», 1981), праблемы рэалізму і рамантызму, фалькларызму паэзіі, заканамернасці развіцця бел. лірыкі і эпасу, літ. сувязі. Выдаў дапаможнік для ВНУ «Гісторыя беларускай літаратуры: Дакастрычніцкі перыяд» (ч. 1—2, 1977——80, 2-е выд. 1989), адзін са складальнікаў хрэстаматыі «Беларуская літаратура XIX ст.» (1971, 2-е выд. 1988). Піша для дзяцей (зб-кі «Як Тоня рэха шукала», 1962; «Каля млына», 1972; «Дзе хто начуе?», 1977; «Кніжка Надзейкі», 1987, і інш.). Пераклаў на бел. мову творы П.Верлена (зб. «У месяцавым ззянні», 1974), І.В.Гётэ (зб. «Спатканне і ростань», 1981), Ф.Шылера (зб. «Улада песняспеву», 1997), рус., укр., польск., літ. і інш. паэтаў.
Тв.:
Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1992;
Калі ў дарозе ты...: Выбранае. Мн., 1971;
Скрыжалі: Выбранае. Мн., 1981;
Пралескі ў акопах. Мн., 1987;
Адам Міцкевіч і беларуская літаратура. Мн., 1959;
Беларуска-польскія літаратурныя ўзаемасувязі ў XIX ст.Мн., 1963 (разам з Н.Перкіным);
«Новая зямля» Якуба Коласа. Мн., 1961;
Максім Багдановіч. Мн., 1966;
Беларуская паэзія пачатку XX ст.Мн., 1972;
Традыцыі літаратуры старажытнай Русі ў беларускай літаратуры: Дакастрычніцкі перыяд.Мн., 1982 (разам з В.Чамярыцкім, А.Коршунавым).
Літ.:
Кароткая Л. Жывое, роднае... Мн., 1989. С. 61—84;
Сіненка Г. Насуперак канону. Мн., 1997;
Арочка М. Галоўная служба паэзіі. Мн., 1974. С. 141—152;
Семашкевіч Р. Выпрабаванне любоўю. Мн., 1982. С. 187—205;
Саламевіч Я. У славу Янкі Купалы // Маладосць. 1985. № 4.