КО́РАК,
вонкавая частка другаснай покрыўнай тканкі раслін — перыдэрмы.
Змяняе эпідэрміс. Утвараецца з клетак фелагену. Развіваецца ў драўняных раслін на галінах, ствалах, каранях, пупышкавых лускавінках, у травяністых двухдольных — на каранях, гіпакотыле, часам — на карэнішчах і клубнях. Шчыльная тканка бурага колеру, складаецца з клетак з патоўшчанымі непранікальнымі абалонкамі, з адмерлымі пратапластамі. Поласці мёртвых клетак запоўнены паветрам (напр., у дуба), белым зярністым рэчывам — бетулінам (напр., у бярозы) або дубільнымі рэчывамі і інш. Ахоўвае расліны ад празмернага выпарэння і інфекцыі. Устойлівы да кіслот, вадкасцей і газаў, акустычны, цеплавы і эл. ізалятар, не гніе. К. амурскага аксамітнага дрэва і коркавага дуба выкарыстоўваецца ў халадзільнай прам-сці. матора- і самалётабудаванні, медыцыне і побыце.
т. 8, с. 416
КА́МБІЙ (ад позналац. cambium абмен, змена),
слой клетак утваральнай тканкі, з дапамогай якога здзяйсняецца другаснае патаўшчэнне сцёблаў і каранёў голанасенных і двухдольных раслін. Клеткі К. падоўжана-завостраныя на канцах, таблітчастыя (празенхімныя), з мяккімі цэлюлознымі абалонкамі. Размешчаны аднарадным цыліндрычным слоем (на папярочным зрэзе — у выглядзе кольца). Утварае ўнутр ад сябе драўніну (другасная ксілема), звонку — луб (другасная флаэма). Ва ўмераных шыротах на восень і зіму дзейнасць К. спыняецца. Сезонныя змены актыўнасці абумоўліваюць утварэнне гадавых кольцаў. Дзяленне некат. клетак К. на сцябле і корані дае корак.
т. 7, с. 505