Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КРАБАПАДО́БНАЯ ТУМА́ННАСЦЬ,

галактычная туманнасць, вынік успышкі ў 1054 звышновай зоркі ў сузор’і Цяльца. Утварылася са знешніх слаёў зоркі, што рассеяліся ў прасторы. Назва туманнасці звязана з яе формай, якая падобна на панцыр краба. Адлегласць да К.т. 7000 св. гадоў; памеры 5-10 св. гадоў. Расшыраецца са скорасцю 1100 км/с. Маса газу, што ўваходзіць у К.т., каля 0,1 масы Сонца; сярэдняя шчыльнасць 5∙10​−18 кг/м³. У цэнтры К.т. знаходзіцца пульсар, у які ператварылася зорка, што ўспыхнула. К.т. — адзін з нешматлікіх астр. аб’ектаў, ад якіх ідзе эл.-магн. выпрамяненне ва ўсім спектры, ад радыё- да рэнтгенаўскага і гамадыяпазону. Да гэтай пары К.т. губляе ў 100 тыс. разоў болей энергіі за секунду, чым Сонца.

Да арт. Крабападобная туманнасць.

т. 8, с. 441

КРО́НІН ((Cronin) Арчыбалд Джозеф) (19.7.1896, Кардрас, каля г. Дамбартан, Вялікабрытанія — 6.1.1981),

англійскі пісьменнік. Д-р мед. н. (1925). Вучыўся ва ун-це ў Глазга. З 1939 жыў у ЗША, Швейцарыі. Дэбютаваў раманам «Замак Броўдзі» (1931), які лічыцца яго лепшым творам. У раманах «Тры каханні» (1932), «Канарскія астравы» (1933), «Зоркі глядзяць долу» (1935), «Цытадэль» (1937), «Іспанскі садоўнік» (1950), «Выкраслены з жыцця» (1953), «Помнік крыжаку» (1956), «Паўночны свет» (1958), дылогіі «Маладыя гады» (1944) і «Шлях Шэнана» (1948) адлюстраваў жыццё сучаснай яму Англіі, гал. ўвагу надаваў маральна-этычнай праблематыцы. Аўтар аўтабіягр. кн. «Прыгоды ў двух светах» (1952), п’есы «Юпітэр смяецца» (1940), літ.-крытычных артыкулаў. Творам К. ўласцівы лірызм, аўтабіяграфічнасць, трагізм сітуацый.

Тв.:

Рус. пер. — Замок Броуди. Мн., 1990;

Цитадель;

Вычеркнутый из жизни. М., 1991.

Е.​А.​Лявонава.

т. 8, с. 476

КРЫНІ́ЦЫ СВЯТЛА́,

пераўтваральнікі розных відаў энергіі ў энергію аптычнага выпрамянення ў дыяпазоне даўжынь хваль да 10 нм да 0,1 мм. Касм. і прыродныя выпрамяняльныя аб’екты (напр., Сонца, зоркі, атмасферныя разрады) — натуральныя К.с. Штучныя К.с. паводле віду працэсу выпрамянення (вымушанага ці спантаннага) бываюць кагерэнтныя (гл. Кагерэнтнасць, Лазер) і некагерэнтныя; паводле віду выпрамянення — цеплавыя, люмінесцэнтныя і плазменныя.

Цеплавыя К.с. — полымя, эл. лямпы напальвання, мадэлі абсалютна чорнага цела, выпрамяняльнікі з газавым награваннем (напальныя сеткі) — маюць неперарыўны спектр, становішча максімуму якога залежыць ад т-ры рабочага рэчыва. Энергетычныя характарыстыкі і від спектра выпрамянення плазменных К.с. вызначаюцца т-рай і ціскам плазмы, што ўтвараецца ў іх пры эл. разрадзе (гл. Электрычныя разрады ў газах) ці інш. спосабам, а таксама хім. складам рабочага рэчыва і прыкладзенай магутнасцю. У люмінесцэнтных К.с. выпрамяняюць халодныя цвёрдыя (ці вадкія) люмінафоры або газы, якія ўзбуджаюцца эл. полем, патокам фатонаў, электронаў і інш. часціц. Іх светлавыя характарыстыкі і спектр выпрамянення вызначаюцца ўласцівасцямі люмінафораў, а таксама шчыльнасцю патоку і энергіяй узбуджальных часціц, напружанасцю эл. поля. Гл. таксама Газаразрадныя крыніцы святла, Лямпа дзённага святла.

В.​В.​Валяўка.

т. 8, с. 517