КО́МПАС (лац. Pyxis),
сузор’е Паўд. паўшар’я неба. Найб. яркая зорка α К. мае бляск 3,7 візуальнай зорнай велічыні. На Беларусі відаць зімой і вясной. Гл. Зорнае неба.
т. 8, с. 398
КО́ПАСАЎ (Аляксей Паўлавіч) (12.3. 1902, г. Жыздра Калужскай вобл., Расія — 9.12.1967),
рускі кампазітар. Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1931). Кіраваў харамі ў Маскве, у т. л. Рус. нар. хорам Усесаюзнага радыё (1938—41). Арганізатар і ўдзельнік фалькл. экспедыцый, запісаў і апрацаваў шмат нар. песень, у т. л. бел. «Ды ты маё сонейка», «А на моры на сіненькім», «Ой, не кукуй, зязюленька», «Ой, бяда ж мая», «І сюды гара, і туды гара», «Узышоў свецел месячык», «Зорка Венера» на сл. М.Багдановіча, якія ўваходзілі ў рэпертуар Дзярж. акад. харавой капэлы БССР; апубл. Р.Шырмам у 2-томніку «Беларускія народныя песні (для хору)» (1971—73). Аўтар кантаты «Беларусь» (1948), «Сюіты на тэмы беларускіх народных песень» (1937, выконвалася хорам Бел. філармоніі), песень і хароў.
Т.Г.Слабодчыкава.
т. 8, с. 413
КО́ШАЛЬ (Пётр Агеевіч) (н. 20.4.1946, г. Слуцк Мінскай вобл.),
расійскі паэт. Скончыў Літ. ін-т імя М.Горкага ў Маскве (1979). Друкуецца з 1963. Зб-кі паэзіі «Лістота» (1979), «Гарадская зорка» (1981), «Рака Жыццё», «Такі як ёсць» (абодва 1987) прысвечаны Беларусі, узаемаадносінам чалавека і навакольнага свету. Аўтар кніг дакумент. прозы «Гісторыя пакаранняў у Расіі. Гісторыя расійскага тэрарызму» (1995), «Гісторыя вышуку ў Расіі» (т. 1—2, 1996). Пераклаў на рус. мову кнігі выбраных вершаў Р.Баравіковай «Светнік» (1982) і Цёткі «Выбранае» (1986), пераклаў і склаў анталогіі бел. паэтаў 1920—30-х г. «Час ветравея» (1987) і бел. дзіцячай л-ры «Чарадзейная крынічка» (1997). На бел. мову асобныя творы К. пераклалі Т.Бондар, С.Законнікаў, У.Някляеў, Я.Янішчыц.
т. 8, с. 440