Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КЕЖУ́Н (Браніслаў Адольфавіч) (н. 8.9.1914, С.-Пецярбург),

рускі паэт і перакладчык. Аўтар зб-каў паэзіі «Радзіма» (1935), «Дарогі ў свет» (1939), «Балтыйскія зоркі» (1959), «Запаветныя агні» (1962), «Шляхі-дарогі дальнія» (1970), «Дыханне зямлі» (1977) і інш. Падарожнічаў па Беларусі, напісаў арт. пра Я.​Купалу «Ад сэрца» (1972), успаміны пра П.​Глебку «На Няве і на Волзе» (у кн. «Пясняр мужнасці», 1976), вершы «Беларускай зямлі», «Брэст», «Беларускім паэтам» і інш. Адзін з перакладчыкаў на рус. мову «Анталогіі беларускай паэзіі» (1948), зб. вершаў бел. паэтаў «Беларусь мая» (1983), асобных твораў Я.​Купалы, Я.​Коласа, П.​Броўкі, К.​Буйло, М.​Калачынскага, М.​Танка, У.​Корбана, К.​Крапівы, А.​Куляшова, М.​Хведаровіча. На бел. мову яго вершы пераклалі В.​Вітка, Х.​Жычка, Калачынскі, М.​Лужанін, Р.​Няхай, М.​Танк, Ю.​Свірка, М.​Аўрамчык і інш.

т. 8, с. 220

КЕРБАБА́ЕЎ (Берды Мурадавіч) (15.3.1894, аул Каўкі-Зерэн Тэджэнскага р-на, Туркменістан — 23.7.1974),

туркменскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Туркменіі (1967). Засл. дз. маст. Туркменіі (1943). Акад. АН Туркменіі (1951). Герой Сац. Працы (1969). Вучыўся ў Ленінградскім ун-це (1927—28). Друкаваўся з 1923 (сатыр. вершы, паэмы). Аўтар кн. нарысаў і апавяданняў «Рэчаіснасць» (1931), гіст.-рэв. рамана «Вырашальны крок» (кн. 1—3, 1940—55; Дзярж. прэмія СССР 1948), п’ес «Браты», «Махтумкулі» (абедзве 1943) і інш. На аснове рамана «Цудам народжаны» (1967) створана п’еса «Кайгысыз Атабаеў» (1969, Рэсп. дзярж. прэмія імя Махтумкулі 1971). Жыццю нафтавікоў прысвечаны раман «Небіт-Даг» (1957), жыццю вёскі — аповесць «Айсалтан з краіны белага золата» (1949, Дзярж. прэмія СССР 1951) і раман «Кропля вады — крупінка золата» (1972). Аўтар кніг для дзяцей. Адзін з першых перакладчыкаў твораў Я.​Купалы на туркм. мову. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі Р.​Барадулін, Л.​Салавей, М.​Паслядовіч, Г.​Шупенька.

Тв.:

Бел. пер. — Батыр: [Апавяданні]. Мн., 1961;

у кн. Каракумскія зоркі. Мн., 1969;

Рус. пер.Избр. произв. Т. 1—6. Ашхабад. 1969—73.

Б.М.Кербабаеў.

т. 8, с. 237