Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КАПЭ́ЛА,

α Возніка, зорка нулявой зорнай велічыні; адна з самых яркіх у Паўн. паўшар’і.

т. 8, с. 37

КАНО́ПУС, α Кіля,

зорка 1-й зорнай велічыні (0,75 візуальнай зорнай велічыні), другая па яркасці (пасля Сірыуса). Знаходзіцца ў Паўд. паўшар’і неба. Адлегласць ад Сонца 160 пк, свяцільнасць у 7800 разоў большая за сонечную.

т. 7, с. 589

КА́СТАР,

α-Блізнят, зорка 1,6 візуальнай зорнай велічыні. Свяцільнасць у 34 разы большая за сонечную, адлегласць ад Сонца 14 пк. Уяўляе сабой сістэму 4 зорак. Названы імем аднаго з двух братоў-блізнят у стараж.-грэч. міфалогіі.

т. 8, с. 154

КАЗЯРО́Г (лац. Capricornus),

адно з 12 сузор’яў задыяка. Найб. яркая зорка δ К. 2,8 візуальнай зорнай велічыні; 50 зорак ярчэй 6-й зорнай велічыні. На тэр. Беларусі відаць у канцы лета — пач. восені. Гл. Зорнае неба.

Сузор’е Казярог.

т. 7, с. 437

КАЗІМІ́РСКАЯ (Іна Іванаўна) (н. 29.4.1937, в. Чырвоная Зорка Пухавіцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. педагог. Д-р пед. н. (1992), праф. (1993). Скончыла Гродзенскі пед. ін-т (1959). Настаўнічала. З 1971 у Бел. пед. ун-це. З 1994 у БДУ. Даследуе праблемы маральна-эстэт. выхавання вучняў, прафес. падрыхтоўкі настаўнікаў школ.

Тв.:

Нравственно-эстетическое воспитание школьников. 2 изд. Мн., 1988 (разам з К.​У.​Гаўрылавец);

Мышленне учителя и пути его формирования. Ч. 1—2. Мн., 1992.

т. 7, с. 427

КАЛАМЫ́ЙКАВЫ ВЕРШ,

14-складовы верш, кожны радок у якім разбіты пастаяннымі паўзамі на 3 групы (4 + 4 + 6). Радкі звязаны сумежнай рыфмоўкай. Трапляецца ў нар. укр. прыпеўках — каламыйках (адсюль назва), некаторых бел. нар. песнях. Пашыраны і ў пісьмовай паэзіі (Т.​Шаўчэнка, С.​Руданскі, Я.​Купала, М.​Багдановіч і інш.), дзе кожны вершарад запісваецца ў 2 радкі — цэзура становіцца міжрадковай паўзай: «Ночка цёмная глядзела // Ды цямнейшай стала, // Адна зорка мігацела — // І тая прапала» («Бандароўна» Я.​Купалы).

В.​П.​Рагойша.

т. 7, с. 449

КА́РЛІКІ ў астраноміі,

зоркі адносна невялікіх памераў (0,01—1 радыус Сонца) і невысокіх свяцільнасцей (10​−1—1 адзінка свяцільнасці Сонца). Маса 0,1—1 сонечнай масы. Тыповая зорка-К. — наша Сонца. Ад звычайных (чырвоных К.) будовай і ўласцівасцямі адрозніваюцца белыя К. Гэта вельмі шчыльныя (10​8—10​9 кг/м³) гарачыя зоркі малых памераў (у сярэднім радыус роўны зямному радыусу, а маса адпавядае масе Сонца, т-ра паверхні дзесяткі тысяч К). Белыя К. — канчатковая стадыя зорнай эвалюцыі, калі маса зоркі не большая за 1,4 масы Сонца.

т. 8, с. 74

«КАРЫБУ́Т»,

прыватнаўласніцкі герб у ВКЛ, якім карысталіся князі Збаражскія, Вішнявецкія, Парэцкія, Варанецкія і некат. шляхецкія роды. У блакітным полі выява сярэбранага крыжа з перакрэсленымі канцамі, замест ніжняга канца — залаты маладзік рагамі ўніз і 6-прамянёвая зорка; клейнод шляхецкага варыянта герба — над прылбіцай з каронай тры страусавыя пёры. Існуюць варыянты герба. Апошні варыянт замацаваўся ў 17 ст. як герб «К.» (ад імя кн. Карыбута, якога Вішнявецкія лічылі сваім родапачынальнікам). У час знаходжання на троне Рэчы Паспалітай Міхала Вішнявецкага [1669—73] герб «К.» ужываўся ў дзярж. сімволіцы як элемент на вял. і малой пячатках ВКЛ.

т. 8, с. 114

КАХА́Р (Абдула) (17.9.1907, г. Каканд Ферганскай вобл., Узбекістан — 25.5.1968),

узбекскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Узбекістана (1967). Скончыў Сярэднеазіяцкі ун-т (1934). Друкаваўся з 1924. Майстар-навеліст. Яго творчасць тэматычна і жанрава разнастайная. Аўтар кніг апавяданняў «Свет маладзее» (1933), «Апавяданні» (1935), «Гады» (1947), «Тысяча і адно жыццё» (1959), «Светлыя вяршыні» (1967), аповесцей «Герой з Дардака» (1942), «Залатая зорка» (1946), «Казкі пра былое» (1965, аўтабіягр. аповесці «Каханне» (1968), раманаў «Міраж» (1937), «Агні Кашчынара» (1951—52), камедый «Шаўковае сюзанэ» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1952), «Хворыя зубы» (1955), «Мае любыя матулі» (1967) пра гіст. мінулае і сучаснае ўзб. народа.

Тв.:

Рус. пер. — Избр. Т. 1—2. М., 1977;

Комедии М., 1982.

т. 8, с. 190

КАГА́Н (Эля Шоламавіч) (10.2.1909, Мінск — 22.6.1944),

яўрэйскі пісьменнік. У 1936—39 супрацоўнік час. «Штэрн» («Зорка», Мінск). Загінуў на фронце каля г.п. Зэльва Гродзенскай вобл. Друкаваўся з 1926. Аўтар зб. «Вершы» (1932), кніг прозы «Апавяданні і мініяцюры» (1932), «Горад без цэркваў» (1935), «Дзіцячыя апавяданні» (1936), «Вясёлая сямейка» (1937), «Розныя апавяданні» (1940). Зрабіў інсцэніроўку (з З.​Аксельродам) па творах М.​Мойхер-Сфорыма «Маленькі чалавечак» (паст. 1938). На яўр. мову пераклаў паасобныя творы А.​Пушкіна, М.​Гогаля, М.​Салтыкова-Шчадрына, А.​Герцэна, З.​Бядулі, Э.​Самуйлёнка. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі З.​Бядуля, Я.​Скрыган.

Тв.:

Бел. пер. — Дружная сямейка. Мн., 1940;

Маем зялёным. Мн., 1979.

І.​У.​Саламевіч.

т. 7, с. 402