Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ДРАГУ́Н (Фёдар Міхайлавіч) (н. 21.12.1962, Мінск),

бел. мастак-манументаліст. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1989). Працуе ў БПА з 1994. Асн. творы: вітражы ў бібліятэцы імя А.​С.​Пушкіна ў Мінску (1990—91), у зале Нар. адраджэння ў Горацкай гімназіі (1993), у Рэсп. медыка-генетычным цэнтры («Сонца на зямлі», 1994), у Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь (1995), у Доме культуры г. Івацэвічы (1995). Сярод жывапісных твораў «Купальская ноч» (1992), «Поле ўдоў» (1993), «Дзікая ягада» і «Зорка Венера» (абодва 1994), «Летуценні» (1996) і інш.

А.​Б.​Александровіч.

Ф.Драгун. Зорка Венера. 1994.

т. 6, с. 192

ДРУ́НІНА (Юлія Уладзіміраўна) (10.5.1924, Масква — 21.11.1991),

руская паэтэса. Скончыла Літ. ін-т імя М.​Горкага (1952). У Айч. вайну санінструктар на фронце. Друкавалася з 1945. Вызначальнае ў вершах — памяць пра вайну, праблемы і клопаты сучасніка, яго духоўны свет (зб-кі «У салдацкім шынялі», 1948, «Размова з сэрцам», 1955, «Сучаснікі», 1960, «Ты вернешся», 1968, «Не бывае любві нешчаслівай...», 1973, Дзярж. прэмія Расіі 1975, «Акопная зорка», 1975, «Бабіна лета», 1980, «Сонца — на лета», 1983, і інш.). Аўтабіягр. аповесць «З тых вяршыняў» (1979), вершы «Зінка», «Памяці Клары Давыдзюк», «Песня вязня», «У пярэдадзень вайны» і інш. тэматычна звязаны з Беларуссю. Аўтар паэмы «Нуль тры» (1980). На бел. мову творы Д. перакладалі Э.​Агняцвет, С.​Басуматрава, Т.​Бондар, С.​Гаўрусёў, Х.​Жычка, Ю.​Свірка, І.​Скурко і інш.

Тв.:

Избр. произв. Т. 1—2. М., 1981.

т. 6, с. 222

ДРЭ́ЧЫН (Сямён Уладзіміравіч) (Вульфавіч; 6.1.1915, Мінск — 1.8.1993),

бел. артыст балета і балетмайстар. Нар. арт. Беларусі (1954). Скончыў Бел. студыю оперы і балета (1933). У 1933—41 і 1944—59 саліст, у 1950—59 таксама балетмайстар Дзярж. т-ра оперы і балета БССР. У 1942—44 саліст Вял. т-ра СССР. У 1959—64 і 1980—90 працаваў у т-рах Расіі, Украіны, Малдовы. У 1971—73 маст. кіраўнік Дзярж. ансамбля танца БССР, у 1973—80 балетмайстар Дзярж. т-ра муз. камедыі БССР. Першы вядучы класічны танцоўшчык на бел. сцэне. Выканальніцкую манеру Д. вызначалі мужнасць і драм. экспрэсіўнасць танца, высокі артыстызм, пластычнасць, абаяльнасць, сцэнічны тэмперамент. Сярод лепшых партый: нацыянальна самабытныя вобразы Сымона («Салавей» М.​Крошнера), Васіля («Князь-возера» В.​Залатарова, Дзярж. прэмія СССР 1950), Янкі («Палымяныя сэрцы» на тую ж музыку); у класічных балетах — Гірэй («Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева), Ма Лічэн («Чырвоны мак» Р.​Гліэра), Зігфрыд, Дэзірэ («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага), Базіль («Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), Конрад («Карсар» А.​Адана), Клод («Эсмеральда» Ц.​Пуні), Франц («Блакітны Дунай» на муз. І.​Штрауса). Сярод пастановак у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі: балеты «Іспанскае капрычыо» на музыку М.​Рымскага-Корсакава (1949), «Чырвоны мак» (1950), «Эсмеральда» (1951), «Лаўрэнсія» А.​Крэйна (1955), «Карсар» (1957), «Блакітны Дунай» (1958), танцы ў операх «Шукальнікі жэмчугу» Ж.​Бізэ (1957), «Зорка Венера» Ю.​Семянякі (1970) і інш. У Дзярж. ансамблі танца БССР паставіў фальклорную праграму («Вянок беларускіх народных танцаў», «Купальская ноч», «Янка», «Лявоніха»), кампазіцыі «Хатынь», «У Белавежскай пушчы»). Балетмайстар спектакляў «Паўлінка» Ю.​Семянякі (1973), «Несцерка» Р.​Суруса (1979), «Рэвю-канцэрта» (1976), рэвю-мазаікі «Вакол кахання» (1991) і інш. ў Дзярж. т-ры муз. камедыі. Ставіў танцы да драм. пастановак, у т. л. «Зацюканы апостал» А.​Макаёнка (1971), «Амністыя» М.​Матукоўскага (1970), «Памінальная малітва» Р.​Горына (1990) у Бел. т-ры імя Я.​Купалы і інш.

Літ.:

Модэль М. Сямён Дрэчын // Слова пра майстроў сцэны. Мн., 1967;

Чурко Ю.М. Белорусский балет в лицах. Мн., 1988. С. 29—36.

Л.​М.​Ражанава.

С.У.Дрэчын.
С.Дрэчын у ролях Янкі (зверху) і Гірэя.

т. 6, с. 238