Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ГІЯ́ДЫ (грэч. Hyades),

рассеянае зорнае скопішча ў сузор’і Цялец; сфераідальная група з прыкладна 100 фізічна звязаных паміж сабой зорак. Знаходзіцца каля яркай зоркі Альдэбаран (α Цяльца). Дыяметр каля 10 пк. Адлегласць ад Сонца 41 пк. Відаць простым вокам.

т. 5, с. 279

ГІПА́РХ (Hipparchos; каля 180—190 да н.э., г. Нікея, цяпер г. Ізнік, Турцыя — 125 да н.э.),

старажытнагрэчаскі астраном, адзін з заснавальнікаў астраноміі. У выніку сістэматычных астр. назіранняў склаў каталог становішчаў 850 зорак і падзяліў іх паводле ступеней яркасці на 6 велічынь. Адкрыў з’яву прэцэсіі; даследаваў бачны рух Сонца і Месяца і склаў табліцы гэтага руху; вызначыў адлегласць ад Зямлі да Месяца; вылічыў працягласць трапічнага года; распрацаваў тэорыю зацьменняў; увёў геагр. каардынаты — шырату і даўгату. Звесткі аб працах Гіпарха прыведзены ў творы К.​Пталамея «Альмагест».

Літ.:

Ван-дер-Варден Б.Л. Пробуждающаяся наука: Пер. с англ. [Т. 2]. М., 1991.

Гіпарх.

т. 5, с. 253

ГІ́НЗБУРГ (Віталь Лазаравіч) (н. 4.10.1916, Масква),

расійскі фізік-тэарэтык. Акад. Рас. АН (1966, чл.-кар. з 1953). Чл. акадэмій і навук. т-ваў інш. краін. Скончыў Маскоўскі ун-т (1938). З 1940 у Фіз. ін-це Рас. АН. Навук. працы па фізіцы элементарных часціц, тэорыі выпрамянення, крышталяоптыцы, тэорыі кандэнсаваных асяроддзяў, радыёфізіцы, фізіцы плазмы, гама- і радыёастраноміі, астрафізіцы касм. прамянёў, праблемах высокатэмпературнай звышправоднасці і інш. Пабудаваў квантавую тэорыю эфекту Чаранкова—Вавілава (1940), прапанаваў фенаменалагічную тэорыю сегнетаэл. з’яў (1945), прадказаў пераходнае выпрамяненне (разам з І.​М.​Франкам; 1945), распрацаваў паўфенаменалагічныя тэорыі звышправоднасці (разам з Л.​Д.​Ландау; 1950) і звышцякучасці (разам з Л.​П.​Пітаеўскім; 1958). Даследаваў праблемы квазараў, пульсараў, нейтронных зорак, чорных дзір, эксперым. праверкі агульнай тэорыі адноснасці і інш. Удзельнічаў у работах па стварэнні тэрмаядзернай зброі ў СССР. Ленінская прэмія 1966, Дзярж. прэмія СССР 1953, Вял. залаты медаль імя М.​В.​Ламаносава Рас. АН 1995.

Тв.:

Распространение электромагнитных волн в плазме. М., 1967;

О теории относительности: Сб. ст. М., 1979;

Теоретическая физика и астрофизика. М., 1987;

О физике и астрофизике. 2 изд. М., 1992.

Літ.:

Андреев А.Р. и др. В.​Л.​Гинзбург // Успехи физ. наук. 1996. Т. 166. № 10.

М.​М.​Касцюковіч.

В.Л.Гінзбург.

т. 5, с. 250

ГІСТАРЫ́ЧНАЕ І ЛАГІ́ЧНАЕ,

філасофскія катэгорыі, з дапамогай якіх выражаецца ўзаемасувязь рэальнага працэсу развіцця і яго адлюстраванне ў тэарэт. свядомасці. З’яўляюцца двума канкрэтнымі бакамі гістарызму прынцыпу, які прасочвае розныя пераўтварэнні аб’екта пры адначасовым раскрыцці заканамернасцей і механізмаў дадзенага працэсу. Гістарычнае — гэта сам аб’ектыўны працэс развіцця пэўнага прадмета, з’явы. Ён ахоплівае ўсю разнастайнасць і багацце індывід. праяўленняў, рыс і ўласцівасцей кожнага аб’екта, увесь комплекс яго змен у часе і прасторы і тоесны рэальнай гісторыі гэтага аб’екта (напр., узнікненне і развіццё зорак і планет у Сусвеце, паходжанне чалавека з гамінідаў, станаўленне цывілізацыі, з’яўленне дзяржавы, ход паліт. гісторыі чалавецтва і інш.). Лагічнае ўяўляе сабой адлюстраванне гістарычнага ў навук. мысленні. Яго зыходным пунктам з’яўляецца пэўны вынік унутранага разгортвання прадмета або з’явы, выдзяленне істотных узаемасувязей і ўзаемадзеянняў, што выклікалі рэальны гіст. рух аб’екта. Катэгорыі гістарычнага і лагічнага валодаюць уласцівай кожнаму з іх якаснай вызначанасцю і ў той жа час знаходзяцца ў непарыўным адзінстве, абумоўленым адзінствам быцця чалавека ў навакольным свеце і пазнання гэтага свету. Найважнейшай рысай гэтага адзінства з’яўляецца яго супярэчлівасць — вынік адноснай самастойнасці лагічнага, якое залежыць ад узроўню назапашаных чалавецтвам ведаў, сац., паліт. і інш. фактараў. Метадалагічнае значэнне гістарычнага і лагічнага ў тым, што кожнае з гэтых паняццяў служыць асновай адпаведнага метаду даследавання гіст. працэсу. Як метад пазнання рэчаіснасці ўзаемадзеянне паміж гістарычным і лагічным дае магчымасць узнавіць заканамерны ход гісторыі любога аб’екта і адначасова захаваць яго індывід. асаблівасці.

Літ.:

Материалистическая диалектика: Краткий очерк теории. 2 изд. М., 1985;

Андреев И.Д. Диалектическая логика. М., 1985;

Социальное познание: Принципы, формы, функции. Киев, 1989;

Проблемы познания социальной реальности. М., 1990.

В.​І.​Боўш.

т. 5, с. 266