Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ГРЫ́НВІЦКАЯ АСТРАНАМІ́ЧНАЯ АБСЕРВАТО́РЫЯ,

найстарэйшая абсерваторыя Англіі. Засн. ў 1675 у Грынвічы (прадмесце Лондана). У 1954 пераведзена ў замак Хёрстмансо, за 70 км ад Лондана. У Грынвіцкай астранамічнай абсерваторыі даследуюць рух і становішча зорак, Сонца, планет; вызначаюць дакладны час, вымяраюць паралаксы зорак і інш. Асн. інструменты: 28- і 26-цалёвыя рэфрактары, 98-цалёвы рэфлектар і інш. Цераз першапачатковае месцазнаходжанне Грынвіцкай астранамічнай абсерваторыі праходзіць Грынвіцкі мерыдыян. З 1767 Грынвіцкая астранамічная абсерваторыя выдае астр. штогоднік «Марскі альманах». Дырэктару Грынвіцкай астранамічнай абсерваторыі надаецца тытул каралеўскага астранома.

т. 5, с. 482

ГРАВІТАЦЫ́ЙНАЕ ЎЗАЕМАДЗЕ́ЯННЕ,

адзін з тыпаў фундаментальных узаемадзеянняў (разам з моцным, эл.-магн. і слабым), які характарызуецца ўдзелам у працэсах узаемадзеяння гравітацыйнага поля (поля прыцягнення). У адрозненне ад іншых узаемадзеянняў мае універсальны характар: гравітацыйнае ўзаемадзеянне ў аднолькавай ступені ўласціва ўсім матэрыяльным аб’ектам — ад элементарных часціц да зорак і галактык.

У гравітацыйным узаемадзеянні ўдзельнічаюць усе класы элементарных часціц (напр., фатон, лептоны, адроны). З-за іх малых мас гравітацыйнае ўзаемадзеянне з’яўляецца самым слабым з усіх тыпаў узаемадзеянняў элементарных часціц і ў тэорыі элементарных часціц звычайна не ўлічваецца. Гравітацыйнае ўзаемадзеянне можа стаць істотным пры ўліку эфектаў квантавай тэорыі гравітацыі, паводле якой гравітацыйнае ўзаемадзеянне тлумачыцца як вынік абмену квантамі гравітацыйнага поля — гравітонамі. Гравітацыйнае ўзаемадзеянне мае бясконца вял. радыус дзеяння і адыгрывае важную ролю ў макрасвеце, з’яўляючыся асн. фактарам узаемадзеяння і эвалюцыі планет, зорак, галактык і самога Сусвету. Для дастаткова слабых гравітацыйных палёў выконваецца сусветнага прыцягнення закон. Гравітацыйныя эфекты, рух цел і эвалюцыя астрафіз. аб’ектаў у моцных палях прыцягнення падпарадкоўваюцца законам агульнай адноснасці тэорыі. Гл. таксама Прыцягненне.

М.​М.​Касцюковіч.

т. 5, с. 383

ГРАБЕ́НЬЧЫКІ (Pectinidae),

сямейства двухстворкавых малюскаў. Некалькі дзесяткаў відаў. Пашыраны амаль ва ўсіх морах і акіянах на пясчаных і глеістых грунтах на розных глыбінях. Найб. вядомыя грабеньчык вялікі (Pecten maximus), грабеньчык ісландскі (Chlamys islandicus), грабеньчык чарнаморскі (Flexopecten ponticus) і інш.

Ракавіна дыям. да 20 см круглаватая, рабрыстая, ярка афарбаваная. У дарослых «нага» рэдукаваная. Добра плаваюць у тоўшчы вады, з сілай выштурхоўваючы ваду з ракавіны. За сезон самка ва ўзросце 5—6 гадоў дае да 30 млн. яец, якія апладняюцца ў вадзе. Дэтрытафагі. Корм марскіх зорак, васьміногаў і інш. Ядомыя. Аб’екты промыслу і аквакультуры.

Грабеньчыкі: 1 — вялікі; 2 — чарнаморскі; 3 — ісландскі; 4 — халаднаводны.

т. 5, с. 379

ГРЫБАЧО́Ў (Мікалай Мацвеевіч) (19.12.1910, в. Лопуш Бранскай вобл., Расія — 10.3.1992),

рускі пісьменнік. Герой Сац. Працы (1974). Гал. рэдактар час. «Советский Союз» (1950—54 і 1956—91). Аўтар паэтычных зб. «Паўночны Захад» (1935), «Па дарогах вайны» (1945), «Пасля навальніцы» (1952), «Дарагія землякі» (1954), «Роздум» (1955), «Белае — чорнае» (1965), «І вецер з чатырох бакоў...» (1968), «Споведзі на шляху» (1970), «... І песня зорак» (1979), «Секунды, дні, гады» (1982); паэм «Відліца» (1940), «Калгас «Бальшавік» (1947; Дзярж. прэмія СССР 1948), «Вясна ў «Перамозе» (1948; Дзярж. прэмія СССР 1949), «У нашых знаёмых» (1955), «Амерыка, Амерыка!» (1961), «Сталь і моль» (1962); аповесці «Белы анёл у полі» (1967); раманаў «Ударная сіла» (1971), «Бітва» (1976). Пісаў нарысы, публіцыстыку (кн. «Выбар стагоддзя», 1983), артыкулы пра л-ру (кн. «Палеміка», 1963). Ленінская прэмія 1960.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—5. М., 1971—73.

т. 5, с. 470

ГРАВІТАЦЫ́ЙНАЕ ВЫПРАМЯНЕ́ННЕ,

узбурэнні гравітацыйнага поля, якія распаўсюджваюцца ў прасторы ў выглядзе папярочных хваль са скорасцю святла. Існаванне гравітацыйнага выпрамянення прадказана А.Эйнштэйнам (1916) на аснове агульнай адноснасці тэорыі. Узнікае пры перыядычным руху цел (напр., падвойныя і вярчальныя зоркі), катастрафічных астрафіз. з’явах (успышкі звышновых зорак, несіметрычны гравітацыйны калапс); выклікае адносныя паскарэнні цел або іх пругкія дэфармацыі.

Спробы эксперым. рэгістрацыі гравітацыйнага выпрамянення ад касм. крыніц з выкарыстаннем дэтэктараў (гравітацыйных антэн) пачалі праводзіцца ў ЗША Дж.​Веберам у канцы 1950-х г., аднак з-за надзвычай слабага ўзаемадзеяння з рэчывам статыстычна значных пацвярджэнняў не атрымана. Эксперым. пацвярджэннем лічаць вынікі шматгадовых назіранняў падвойнага пульсара PSR 1913+16: прадказанні аб паступовым змяншэнні яго арбітальнага перыяду за кошт гравітацыйнага выпрамянення з дакладнасцю да 0,4% узгадняюцца з данымі назіранняў.

Літ.:

Амальди Э., Пиццелла Г. Поиск гравитационных волн // Астрофизика, кванты и теория относительности: Пер. с ит. М., 1982;

Уилл К.М. Двойной пульсар, гравитационные волны и Нобелевская премия: Пер. с англ. // Успехи физ. наук 1994. Т. 164. № 7.

М.​М.​Касцюковіч.

т. 5, с. 382

ГРАВІТАЦЫ́ЙНЫ КАЛА́ПС,

працэс хуткага сціскання масіўных астрафізічных аб’ектаў пад уздзеяннем уласных сіл прыцягнення. Становіцца магчымым, калі гравітацыйнае поле мацнейшае за сілы ўнутранага ціску; набывае катастрафічныя рысы на заключнай стадыі тэрмаядз. эвалюцыі. Канчатковы вынік гравітацыйнага калапсу (белы карлік, нейтронная зорка, чорная дзіра) залежыць ад пачатковай масы аб’екта, які калапсуе.

У 1930-я г. ўстаноўлена, што для аб’ектаў, якія вычарпалі сваё тэрмаядз. паліва, існуюць крытычныя значэнні масы (ліміт Чандрасекара для белых карлікаў, ліміт Опенгеймера—Волкава для нейтронных зорак), залежныя ад хім. саставу і фіз. стану рэчыва, пасля перавышэння якіх устойлівыя канфігурацыі немагчымыя: пачынаецца бязмежнае гравітацыйнае сцісканне цела. Гравітацыйны калапс можа спыніцца за кошт выбуховага выкіду часткі рэчыва (да значэння масы, ніжэйшага за крытычнае), што суправаджаецца ўспышкай звышновай зоркі. Несупынны рэлятывісцкі гравітацыйны калапс вядзе да ўтварэння чорнай дзіры.

Літ.:

На переднем крае астрофизики: Пер. с англ. М., 1979;

Шапиро С.Л., Тьюколски С.А. Черные дыры, белые карлики и нейтронные звезды: Пер. с англ. Ч. 1—2. М., 1985.

М.​М.​Касцюковіч.

т. 5, с. 384