ГРЫЦЭ́НКА (Мікалай Алімпіевіч) (24.7.1912, ст. Ясінаватая Данецкай вобл., Украіна — 8.12.1979),
расійскі акцёр. Нар. арт. СССР (1964). Скончыў Тэатр. вучылішча імя Б.Шчукіна (1940). Працаваў у Т-ры імя Я.Вахтангава. Акцёр шырокага творчага дыяпазону. Сярод роляў: Тарталья («Прынцэса Турандот» К.Гоцы), Мамаеў («На ўсякага мудраца хапае прастаты» А.Астроўскага), Фёдар Пратасаў («Жывы труп» Л.Талстога), князь Мышкін («Ідыёт» паводле Ф.Дастаеўскага). З 1942 здымаўся ў кіно: «Кавалер Залатой Зоркі» (Дзярж. прэмія СССР 1952), «Вялікая сям’я», «Сёстры», «Васемнаццаты год», «Хмарная раніца», «Ганна Карэніна», «Два капітаны» (тэлевізійны) і інш. Дзярж. прэмія Расіі 1970.
т. 5, с. 487
ГРЫНЧЭ́НКА (Барыс Дзмітрыевіч) (9.12.1863, каля с. Рускія Цішкі Харкаўскага р-на, Украіна — 6.5.1910),
украінскі пісьменнік, вучоны і грамадскі дзеяч. У 1881—94 настаўнічаў. Адзін з арганізатараў Укр. радыкальнай партыі (1904). Старшыня Усеўкр. настаўніцкай суполкі (1905—07), т-ва «Просвіта» (1906—09). Прытрымліваўся пазіцый народніцтва, асветніцтва і нац.-дэмакратыі. У зб-ках вершаў «Пад вясковай страхой» (1886), «Пад хмарным небам» (1893), «Песні і думы» (1895), «Хвіліны» (1903), шматлікіх апавяданнях, аповесцях адлюстраваў жыццё ўкр. народа ў 2-й пал. 19 ст., яго імкненне да нац. вызвалення. Аўтар гіст. драм «Ясныя зоркі» (1895), «Стэпавы госць» (1897), «Нахмарылася» (1895—99). Даследаваў творчасць І.Катлярэўскага, Р.Квіткі-Аснаўяненкі, Я.Грабінкі і інш. У публіцыст. працах «Пісьмы з Украіны Наддняпроўскай» (1892—93), «Перад шырокім светам» (1907), «Народныя настаўнікі і ўкраінская школа» (1906) крытыкаваў нац. палітыку рус. царызму. Выдаў «Слоўнік украінскай мовы» (т. 1—4, 1907—09), «Этнаграфічныя матэрыялы, сабраныя ў Чарнігаўскай і суседніх з ёй губернях» (1895—99), фалькл. зб-кі «Песні і думкі» (1895), «Думы кабзара» (1897); склаў бібліягр. паказальнік «Літаратура ўкраінскага фальклору. 1777—1900» (1901). Пераклаў на ўкр. мову многія творы сусв. л-ры. На бел. мову асобныя творы Грынчэнкі перакладалі Э.Валасевіч, М Казбярук.
Тв.:
Твори. Т. 1—2. Київ, 1963.
Літ.:
Білецький О. Борис Грінченко // Білецькій О. Зібрання праць. Київ, 1965. Т. 2.
В.А.Чабаненка.
т. 5, с. 484