Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ГО́ЛУБ (лац. Columba),

сузор’е Паўднёвага паўшар’я неба. Простым вокам відаць да 40 зорак, 5 з іх ярчэй 4-й зорнай велічыні. Адлегласць ад Сонца 150 светлавых гадоў. На тэр. Беларусі відаць у студзені—лютым. Гл. Зорнае неба.

т. 5, с. 325

ГО́НЧЫЯ ПСЫ (лац. Canes Venatici),

сузор’е Паўн. паўшар’я неба. Размешчана пад «ручкай каўша» Вялікай Мядзведзіцы. Гал. зорка (α Гончых Псоў) — падвойная, 3-й візуальнай зорнай велічыні; 30 зорак ярчэй 6-й зорнай велічыні. У паўн. частцы Гончых Псоў знаходзіцца спіральная туманнасць. На тэр. Беларусі відаць круглы год. Гл. Зорнае неба.

Сузор’е Гончыя Псы.

т. 5, с. 352

ГОД,

прамежак часу, блізкі па працягласці да перыяду абарачэння Зямлі вакол Сонца. У астраноміі вылучаюць: сідэрычны (зорны) год, які адпавядае аднаму бачнаму абароту Сонца па нябеснай сферы адносна нерухомых зорак, складае 365,2564 сярэдніх сонечных сут; трапічны год — прамежак часу паміж двума паслядоўнымі праходжаннямі цэнтра Сонца праз пункт веснавога раўнадзенства (365,2422 сут); анамалістычны год — прамежак часу паміж двума паслядоўнымі праходжаннямі Сонца праз перыгей яго бачнай геацэнтрычнай арбіты (365,2596 сут); драканічны год — час, за які Сонца вяртаецца да таго ж (узыходнага і сыходнага) вузла арбіты Месяца на экліптыцы (346,620 сут); працягласць гэтых гадоў прыведзены для 1900; каляндарны год мае 365 сут для звычайных гадоў і 366 сут для высакосных гадоў; месячны год роўны 12 сінадычным месяцам (у сярэднім 354,367 сут).

т. 5, с. 320