Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ГЕАДЭЗІ́ЧНАЯ АСТРАНО́МІЯ, палявая астраномія,

раздзел практычнай астраноміі, які для патрэб геадэзіі і картаграфіі распрацоўвае метады вызначэння геагр. каардынат пунктаў і азімутаў ліній на зямной паверхні з дапамогай астр. назіранняў. Многія яе спосабы вызначэнняў шыраты, часу і азімута засн. на вымярэнні зенітных адлегласцей свяціл; даўгата вызначаецца з рознасці паміж знойдзеным мясц. зорным часам і грынвіцкім часам для сярэдняга моманту назіранняў. Пункт на мясцовасці, геагр. каардынаты і азімут напрамку якога на другі пункт знойдзены з дапамогай астр. назіранняў, наз. астр. пунктам. Геадэзічная астраномія займаецца апісаннем і тэорыяй астр. прылад, неабходных пры вызначэнні астр. каардынат пунктаў, распрацоўкай спосабаў вызначэння часу, шыраты, даўгаты і азімута, метадаў астр. вымярэнняў у палявых умовах і апрацоўкі даных.

Літ.:

Кузнецов А.Н. Геодезическая астрономия. М., 1966.

т. 5, с. 116

ГЕРКУЛЕ́С (лац. Hercules),

сузор’е Паўн. паўшар’я неба. Самая яркая зорка 2,8 візуальнай зорнай велічыні; 140 зорак ярчэй 6-й зорнай велічыні. У Геркулесе знаходзіцца тыповае шаравое зорнае скопішча. У напрамку да Геркулеса рухаецца Сонечная сістэма (гл. Апекс). У Геркулесе выяўлены рэнтгенаўскі пульсар Her X-1, які атаясамліваецца з аптычна пераменнай зоркай HZ Her. На тэр. Беларусі сузор’е найлепей відаць вясной і летам. Гл. Зорнае неба.

Сузор’е Геркулес.

т. 5, с. 175

ГЕ́РЦШПРУНГ ((Hertzsprung) Эйнар) (8.10.1873, г. Фрэдэрыксбарг, Данія — 21.10.1967),

дацкі і нідэрландскі астраном. Чл. Нідэрландскай, Дацкай, чл.-кар. Парыжскай АН. Скончыў Капенгагенскі політэхн. ін-т (1898). Праф. астраноміі ў гарадах Гётынген, Патсдам, Лейдэн. У 1935—45 дырэктар абсерваторыі Лейдэнскага ун-та. Навук. працы па эвалюцыі зорак. Увёў раздзяленне зорак на гіганты і карлікі. Пабудаваў залежнасць зорнай велічыні ад спектральнага класа зорак (гл. Герцшпрунга—Рэсела дыяграма). Упершыню выкарыстаў фатаграфію для вывучэння падвойных зорак (1914—19).

Літ.:

Паннекук А. История астрономии: Пер. с англ. М., 1966.

т. 5, с. 201

ГЕ́РЦШПРУНГА—РЭ́СЕЛА ДЫЯГРА́МА, «спектр—свяцільнасць» дыяграма,

дыяграма залежнасці паміж спектральным класам (т-рай паверхні) і абс. зорнай велічынёй (лагарыфмам свяцільнасці зоркі). Адкрыў Э.Герцшпрунг, даследаваў Г.​Н.​Рэсел. На дыяграме Герцшпрунга—Рэсела блізкія па фіз. уласцівасцях зоркі займаюць адасобленыя вобласці: галоўную паслядоўнасць зорак (вакол яе размяшчэння большасць вядомых зорак), паслядоўнасці звышгігантаў, яркіх і слабых гігантаў, субкарлікаў і белых карлікаў. Па месцы зоркі на дыяграме Герцшпрунга—Рэсела можна вызначыць яе ўзрост, стадыю эвалюцыі.

Герцшпрунга—Рэсела дыяграма для зорак плоскай складальнай Галактыкі.

т. 5, с. 201

ГЕ́РШЭЛЬ (Herschel),

сям’я англійскіх астраномаў, оптыкаў і механікаў.

Уільям (Фрыдрых Вільгельм; 15.11.1738, г. Гановер, Германія — 25.8.1822), адзін з заснавальнікаў зорнай астраноміі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1781), ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1789). У 1757 пераехаў у Англію. Астраномію і матэматыку вывучыў самастойна. З 1774 з дапамогай зробленых ім люстэркавых тэлескопаў вёў сістэматычныя астр. назіранні. Адкрыў планету Уран (1781) і 2 яго спадарожнікі (1787), 2 спадарожнікі Сатурна (1789), больш за 2500 туманнасцей і 806 падвойных зорак. Склаў каталогі падвойных зорак, туманнасцей і зорных скопішчаў. Выявіў рух Сонечнай сістэмы ў напрамку да сузор’я Геркулеса (1783). У канструяванні і вырабе тэлескопаў яму дапамагаў малодшы брат Александэр — таленавіты механік; у назіраннях дапамагала сястра Караліна Лукрэцыя (16.3.1750, г. Гановер, Германія — 9.1.1848). Джон Фрэдэрык Уільям (7.3.1792, г. Слау, каля Лондана — 11.5.1871), сын Уільяма, чл. Лонданскага каралеўскага т-ва, чл. Пецярбургскай АН (1826). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1813). Астраноміяй займаўся з 1816 пад кіраўніцтвам бацькі. Правёў сістэматычныя назіранні Паўд. неба (мыс Добрай Надзеі, 1834—38). Адкрыў шэраг новых туманнасцей, зорных скопішчаў і больш за 3000 падвойных зорак; склаў 11 каталогаў падвойных зорак і каталог 5079 туманнасцей і зорных скопішчаў. Зрабіў значны ўклад у развіццё фатаграфіі.

Літ.:

Еремеева А.И. Выдающиеся астрономы мира. М., 1966.

У.Гершэль.

т. 5, с. 203