Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ГЕ́РЦШПРУНГА—РЭ́СЕЛА ДЫЯГРА́МА, «спектр—свяцільнасць» дыяграма,

дыяграма залежнасці паміж спектральным класам (т-рай паверхні) і абс. зорнай велічынёй (лагарыфмам свяцільнасці зоркі). Адкрыў Э.Герцшпрунг, даследаваў Г.​Н.​Рэсел. На дыяграме Герцшпрунга—Рэсела блізкія па фіз. уласцівасцях зоркі займаюць адасобленыя вобласці: галоўную паслядоўнасць зорак (вакол яе размяшчэння большасць вядомых зорак), паслядоўнасці звышгігантаў, яркіх і слабых гігантаў, субкарлікаў і белых карлікаў. Па месцы зоркі на дыяграме Герцшпрунга—Рэсела можна вызначыць яе ўзрост, стадыю эвалюцыі.

Герцшпрунга—Рэсела дыяграма для зорак плоскай складальнай Галактыкі.

т. 5, с. 201

ГЕ́РГІЕЎ (Валерый Абесалавіч) (н. 2.5.1953, Масква),

расійскі дырыжор. Нар. арт. Расіі (1996). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1977). З 1977 дырыжор, з 1988 гал. дырыжор, з 1996 маст. кіраўнік — дырэктар Марыінскага т-ра. Муз. кіраўнік спектакляў «Руслан і Людміла» М.​Глінкі, «Саламбо», «Барыс Гадуноў», «Хаваншчына» М.​Мусаргскага, «Пскавіцянка», «Садко», «Паданне пра нябачны горад Кіцеж...» М.​Рымскага-Корсакава, «Мазепа», «Пікавая дама» П.​Чайкоўскага, «Гулец», «Вогненны анёл», «Вайна і мір» С.​Пракоф’ева, «Кацярына Ізмайлава» Дз.​Шастаковіча, «Саламея» Р.​Штрауса, «Аіда» і «Атэла» Дж.​Вердзі і інш. Супрацоўнічае з т-рамі «Ковент-Гардэн», «Метраполітэн-опера», «Ла Скала» і інш. Арганізатар і муз. кіраўнік фестываляў, прысвечаных творчасці Мусаргскага (1989), Пракоф’ева (1990), Рымскага-Корсакава (1994), заснавальнік міжнар. фестываляў «Зоркі белых начэй» (С.-Пецярбург, з 1993), у г. Мікелі (Фінляндыя, з 1993), «Гергіеў-фестывалю» ў г. Ротэрдам (Нідэрланды, 1996). З 1995 гал. дырыжор Ратэрдамскага філарманічнага аркестра. Лаўрэат Міжнар. конкурсу дырыжораў (фонд Гергіева фон Караяна, 1977). Дзярж. прэмія Расіі 1994.

т. 5, с. 173

ГЕ́ТА (італьян. ghetto),

частка тэрыторыі горада, адведзеная для прымусовага пасялення пэўнай расавай, нац., прафесійнай ці рэліг. групы насельніцтва, найчасцей яўрэяў. У сярэднія вякі гета існавалі ў многіх гарадах Зах. Еўропы і мусульм. Усходу з прычыны нац.-рэліг. адасобленасці яўр. насельніцтва. У 1-й пал. 19 ст. ў еўрап. краінах гета зніклі і захаваліся толькі на мусульм. Усходзе. У гарадах ВКЛ, Рэчы Паспалітай і царскай Расіі гета не было.

У 2-ю сусв. вайну гета ў адносінах да яўрэяў адроджаны ва Усх. Еўропе ням.-фаш. захопнікамі ў якасці лагераў смерці, канцлагераў для ізаляцыі, а потым і масавага знішчэння яўр. насельніцтва. На тэр. Беларусі акупанты стваралі гета ў гарадах, мястэчках і вял. вёсках. Сюды часта звозілі і яўрэяў з Германіі, Польшчы, Аўстрыі і інш. краін Еўропы. Тэр. гета звычайна абносілі калючым дротам, ахоўвалі войскамі або паліцыяй; самавольны выхад за межы гета караўся смерцю. Вязні гета павінны былі насіць на вопратцы апазнавальныя знакі: паўкруглыя жоўтыя нашыўкі для ўсіх, чырвоныя — для тых, каго выкарыстоўвалі на работах, зялёныя — для ўтрыманцаў. У некат. гета знакамі служылі жоўтыя шасціканцовыя зоркі (магендовіды) на грудзях і спіне. Умовы жыцця ў гета былі невыносныя. Кіравалі імі ням. каменданты, пры якіх ствараліся марыянетачныя органы «самакіравання» — саветы старэйшын, а ў буйных гета — яўр. саветы (юдэнраты) і яўр. паліцыя. Па няпоўных звестках, на тэр. 165 нас. пунктаў Беларусі (у сучасных межах) размяшчалася 176 гета: у некат. гарадах іх было па некалькі (напр., у Гомелі — 4, па 2 у Бабруйску, Брэсце, Глыбокім, Гродне, Жлобіне, Мінску, Навагрудку). У 2 мінскіх гета ўтрымлівалася каля 100 тыс. чал. За гады акупацыі на тэр. Беларусі загінула каля 865 тыс. яўрэяў, у т. л. 55 тыс. з замежных краін. У цяжкіх умовах гета дзейнічала антыфаш. падполле, асабліва актыўна ў Мінску, Бабруйску, Баранавічах, Брэсце, Бярозе, Нясвіжы, Слоніме. Напярэдадні падрыхтоўкі фашыстамі масавых расстрэлаў або вывазу ў лагеры смерці адбыліся паўстанні ў Глыбокім, Докшыцах, Клецку, Лахве (Лунінецкі р-н), Міры (Карэліцкі р-н), Нясвіжы і інш. У партыз. руху і падполлі Беларусі ўдзельнічала каля 15 тыс. яўрэяў, гал. чынам б. вязняў гета. У шэрагу нас. пунктаў Беларусі на месцах б. гета пастаўлены абеліскі, памятныя знакі. У 1992 зарэгістравана Бел. асацыяцыя яўрэяў — б. вязняў гета і нацысцкіх канцлагераў.

Кр.: Трагедия евреев Белоруссии в годы немецкой оккупации (1941—44): Сб. материалов и док. Мн., 1997.

Літ.:

Гай Д. Десятый круг. М., 1991;

Нямецка-фашысцкі генацыд на Беларусі (1941—1944). Мн., 1995;

Иоффе Э.Г. Страницы истории евреев Беларуси. Мн., 1996;

Месцы прымусовага ўтрымання грамадзянскага насельніцтва на часова акупіраванай тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны: Давед. Мн., 1996.

Э.​Р.​Іофе.

т. 5, с. 207