Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ВІ́КТАРАЎ (Рычард Мікалаевіч) (7.11.1929, г. Туапсэ, Расія — 8.9.1983),

рускі кінарэжысёр. Засл. дз. маст. Расіі (1974). Скончыў Львоўскі ун-т (1952) і Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1959). Працаваў на кінастудыях «Беларусьфільм» (1959—64) і імя М.​Горкага (з 1965). Яго фільмы адметныя жыццёвай верагоднасцю, вострапсіхал. распрацоўкай сюжэтаў: «Наперадзе круты паварот» (1960). «Трэцяя ракета» (1963) і «Абеліск» (1977; абодва паводле В.​Быкава), «Каханая» (1965), «Масква—Касіяпея» і «Падлеткі ў сусвеце» (1974—75, Дзярж. прэмія Расіі 1977), «Праз церні да зорак» (1981, Дзярж. прэмія СССР 1982) і інш.

т. 4, с. 154

ВІ́ЛЕНСКАЯ АСТРАНАМІ́ЧНАЯ АБСЕРВАТО́РЫЯ,

адна з найстарэйшых астранамічных абсерваторый у Еўропе. Засн. ў 1753 у Вільні.

Адным з арганізатараў і першым дырэктарам (1765—1807) быў М.Пачобут-Адляніцкі. У абсерваторыі ў розны час працавалі астраном Я.Снядэцкі, П.Славінскі, М.​Глушневіч, М.​М.​Гусеў, Я.​Я.​Саблер, П.​М.​Смыслоў і інш., навук. і асветніцкая дзейнасць якіх адыграла станоўчую ролю ў пашырэнні на Беларусі і ў Літве прыродазнаўчых ведаў. У 1753—65 Віленская астранамічная абсерваторыя існавала як астр. кабінет, абсталяваны найпрасцейшымі прыладамі. Пасля набыцця больш дасканалых астр. інструментаў з 1773 вяліся сістэм. назіранні планет, астэроідаў, камет, зацьменняў Сонца і Месяца, пакрыццяў зорак Месяцам. Першая ў Расіі пачала астрафіз. даследаванні: з 1864 асн. яе кірункам стала вывучэнне фатаграфічнымі метадамі паверхні Месяца і фіз. з’яў, што адбываюцца на Сонцы. Вяла таксама метэаралагічныя назіранні; віленскія астраномы прымалі ўдзел у вызначэнні геагр. каардынат населеных пунктаў і ў геад. экспедыцыях на тэр. Віленскай, Гродзенскай, Мінскай і Курляндскай губерняў. Абсерваторыя мела вял. б-ку, у 1838—46 выдавала свае навук. працы. Спыніла дзейнасць пасля пажару 1876. У 1940 утворана астр. абсерваторыя пры Вільнюскім ун-це.

Літ.:

Славенас П.В. Астрономия в высшей школе Литвы XVI—XIX вв. // Историко-астрономические исследования. М., 1955. Вып. 1.

А.​І.​Болсун.

т. 4, с. 163