Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ВЯЛІ́КІ ПЁС (лац. Canis Major),

сузор’е Паўд. паўшар’я неба. Найб. яркая зоркаСірыус (α Вялікага Пса, -1,4 візуальнай зорнай велічыні), самая яркая зорка ўсяго неба. 80 зорак ярчэй 6-й зорнай велічыні. На тэр. Беларусі Вялікага Пса відаць зімой. Гл. Зорнае неба.

т. 4, с. 385

ВЯРЦІ́НСКАЯ (Настасся Аляксандраўна) (н. 19.12.1944, Масква),

руская актрыса. Нар. арт. Расіі (1988). Дачка А.М.Вярцінскага. Скончыла Тэатр. вучылішча імя Б.​Шчукіна (1968). З 1966 у т-ры «Сучаснік», у 1980—88 у МХАТ. Майстэрства актрысы адметнае вытанчанасцю пластычнага малюнка ролі, спалучэннем лірыкі з лёгкай іроніяй: Ніна Зарэчная, Алена Андрэеўна («Чайка», «Дзядзька Ваня» А.​Чэхава), Эльміна («Тарцюф» Мальера) і інш. З 1961 здымаецца ў кіно: «Пунсовыя ветразі», «Чалавек-амфібія», «Гамлет», «Вайна і мір», «Ганна Карэніна», «Майстар і Маргарыта», «Безыменная зорка» (тэлевізійны) і інш. Выкладае сцэн. майстэрства ў Вялікабрытаніі, Францыі, Швейцарыі.

т. 4, с. 397

ВЯЛІ́КАЯ МЯДЗВЕ́ДЗІЦА (лац. Ursa Major),

незаходнае сузор’е Паўн. паўшар’я неба. 7 галоўных, найб. яркіх, зорак размяшчэннем нагадваюць коўш з ручкай. Усе яны 2-й зорнай велічыні, акрамя левай верхняй зоркі «каўша» (3-й велічыні). Каля сярэдняй зоркі «ручкі каўша» (Міцара) простым вокам відаць зорка Алькор. 125 зорак ярчэй за 6-ю зорную велічыню. У сузор’і ёсць яркія галактыкі. На тэр. Беларусі Вялікую Мядзведзіцу відаць круглы год. Гл. Зорнае неба.

Па «каўшы» Вялікай Мядзведзіцы знаходзяць Палярную зорку, праз 2 крайнія зоркі (ад β да α) мысленна праводзяць лінію і прадаўжаюць яе прыблізна на пяцікратную адлегласць паміж гэтымі зоркамі.

Сузор’і Вялікая Мядзведзіца і Малая Мядзведзіца.

т. 4, с. 381

ВЯРЦІ́НСКІ (Анатоль Ільіч) (н. 18.11.1931, в. Дзямешкава Лепельскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. паэт, драматург, публіцыст, крытык, перакладчык. Скончыў БДУ (1956). Працаваў у прэсе. У 1975—82 сакратар праўлення СП Беларусі, у 1986—90 гал. рэдактар газ. «Літаратура і мастацтва». У 1990—96 дэп. Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь. Друкуецца з 1951. Першы зб. паэзіі «Песня пра хлеб» (1962). Тэмы сучаснага жыцця ў яго шматгранных вымярэннях — у аснове кніг «Тры цішыні» (1966), «Чалавечы знак» (1968), «З’яўленне» (1975), «Час першых зорак» (1976), «Ветрана» (1979). Творам Вярцінскага ўласцівы высокі грамадзянскі пафас, філасафічнасць, аналітычнасць, вострая публіцыстычнасць. Паэт асэнсоўвае «вечныя» праблемы чалавечага існавання, маральныя каштоўнасці жыцця, услаўляе духоўную веліч чалавека, выкрывае абыякавасць і самазадаволенасць. Найб. значныя творы — ліраэпічныя паэмы «Заазер’е» і «Дажынкі» (1968) — прысвечаны жыццю пасляваен. бел. вёскі, маці — вясковай працаўніцы — лірычная паэма «Начны бераг» (1972), у якой сцвярджаецца неабходнасць захавання гармоніі ва ўзаемаадносінах чалавека з прыродай, і лірыка-філас. паэма «Колькі лет, колькі зім!» (1979, тэлеспектакль 1980). Аўтар п’ес для дзяцей «Дзякуй, вялікі дзякуй!» (паст. 1974), «Скажы сваё імя, салдат» (паст. 1975), «Гефест — друг Праметэя» (паст. 1984), літ.-крытычных і публіцыстычных твораў (зб. «Высокае неба ідэалу», 1980, «Нью-Йоркская сірэна», 1987, Дзярж. прэмія Беларусі 1988). Пераклаў на бел. мову паасобныя творы класічнай і сучаснай рус., укр., літ., лат., балт., польск., венгерскай паэзіі, п’есы Лопэ дэ Вэгі «Раба свайго каханага», М.​Себасцьяна «Безыменная зорка», В.​Пальчынскайтэ «Спяшаюся за летам».

Тв.:

Выбранае. Мн., 1973;

Святло зямное. Мн., 1981;

Дзякуй, вялікі дзякуй!: П’есы. Мн., 1983;

Хлопчык глядзіць... Мн., 1992.

Літ.:

Шпакоўскі Я. Узрушанасць. Мн., 1978. С. 91—102;

Сямёнава А. Высокае неба // Сямёнава А. Гарачы след таленту. Мн., 1979;

Бугаёў Дз. Споведзь даверлівая і шчырая // Бугаёў Дз. Талент і праца. Мн., 1979;

Лойка А. Пераадоленне // Лойка А. Паэзія і час. Мн., 1981;

Арочка М. Усе чатыры вятры паэзіі // Арочка М. Саюз часу і майстэрства. Мн., 1981;

Чабан Т. Крылы рамантыкі. Мн., 1982. С. 129—131, 134—136, 161—167;

Бечык В. На аснове чалавечай роднасці... // Бечык В. Прад высокаю красою... Мн., 1984;

Гніламёдаў У. Вершы мае — пісьмы // Гніламёдаў У. Ля аднаго вогнішча. Мн., 1984.

М.​І.​Мішчанчук.

А.І.Вярцінскі.

т. 4, с. 397