АРКТУ́Р, α Валапаса,
зорка нулявой зорнай велічыні (-0,1 візуальнай зорнай велічыні). Самая яркая зорка Паўночнага паўшар’я неба. Свяцільнасць у 80 разоў большая за сонечную. Адлегласць ад Сонца 10 пс. Мае вялікі ўласны рух (2,3″ за год).
т. 1, с. 480
АРО́Л (лац. Aquila),
экватарыяльнае сузор’е. Найб. яркія зоркі 0,8 (Альтаір), 2,7 і 3,0 візуальнай зорнай велічыні. На тэр. Беларусі бачны вясной, летам і ўвосень.
т. 1, с. 501
АРЫЁН (лацінскае Orion),
экватарыяльнае сузор’е з найбольш яркімі зоркамі Рыгель, Бетэльгейзе, Белатрыкс. Тры блізка размешчаныя зоркі 2-й зорнай велічыні ўтвараюць «пояс Арыёна», ніжэй за які знаходзіцца Арыёна вялікая туманнасць. На тэрыторыі Беларусі сузор’е бачна ўвосень і зімою (гл. Зорнае неба).
т. 2, с. 6