НЯБЕ́СНЫЯ ЦЕ́ЛЫ,
планеты, каметы, зоркі, галактыкі і інш. касм. аб’екты, якія вывучае астраномія.
т. 11, с. 404
НЕЙТРЫ́ННАЯ АСТРАФІ́ЗІКА,
раздзел астрафізікі, які вывучае фіз. працэсы ў касм. аб’ектах, што адбываюцца з удзелам нейтрына.
У Сусвеце адрозніваюць нейтрына: касмалагічныя (рэліктавыя), зоркавыя і касм. нейтрына вял. энергій. Рэліктавыя нейтрына знаходзіліся ў цеплавой раўнавазе з рэчывам на працягу ~I с пасля пачатку расшырэння Сусвету. Гарачы газ рэліктавых нейтрына з таго часу астыў, цяпер яго т-ра 1,9 К і сярэдняя энергія нейтрына ~5∙10−4эВ. Зоркавыя нейтрына ўзнікаюць ад 2 крыніц. Зоркі ў стацыянарным стане атрымліваюць сваю энергію ад ядз. рэакцый у асноўным т.зв. вадароднага цыкла (гл. Тэрмаядзерныя рэакцыі). Па свяцільнасці Сонца можна вылічыць агульны паток нейтрына, які роўны 1,8∙1038 нейтрына/с. Зоркі з масай, большай за масу Сонца ў 1,2—8 разоў, трансфармуюцца ў нейтронную зорку альбо чорную дзіру. Асн. механізм выпрамянення энергіі на завяршальных стадыях эвалюцыі такіх зорак — выпрамяненне нейтрына, утвораных у ядз. рэакцыях. Пры гравітацыйным калапсе зоркі з масай, роўнай 2 масам Сонца, каля 15% усёй энергіі зоркі пераходзіць у энергію нейтрына. Энергія асобных нейтрына 10—12 МэВ, працягласць нейтрыннага імпульсу 10—20 с. Касмічныя нейтрына вял. энергій утвараюцца ў касм. аб’ектах у выніку сутыкнення касм. прамянёў з ядрамі атамаў ці з фатонамі малых энергій. Асн. галактычныя крыніцы нейтрына — падвойныя зоркі, маладыя абалонкі звышновых зорак, пульсары і чорныя дзіры.
Літ.:
Зельдович Я.Б., Новиков И.Д. Релятивистская астрофизика. М., 1967;
Астрофизика космических лучей. 2 изд. М., 1990;
Новиков И.Д. Эволюция Вселенной. 3 изд. М., 1990.
І.С.Сацункевіч.
т. 11, с. 277
ПАЎДНЁВАЯ ГІ́ДРА (лац. Hydrus),
сузор’е Паўд. паўшар’я неба. 3 зоркі ярчэй 3-й зорнай велічыні. Гл. Зорнае неба.
т. 12, с. 198
МІКРАСКО́П (лац. Microscopium),
сузор’е Паўд. паўшар’я неба. У ім адсутнічаюць зоркі ярчэй 4,0 візуальнай зорнай велічыні. Гл. Зорнае неба.
т. 10, с. 361
КАЛА́ПС у астраноміі,
катастрафічна хуткае сцісканне нябеснага цела вял. масы (напр., зоркі) пад дзеяннем уласных сіл гравітацыі. Гл. Гравітацыйны калапс.
т. 7, с. 452
РА́ЙСКІ ПТАХ (лац. Apus),
каляпалярнае сузор’е Паўд. паўшар’я неба. Найб. яркія зоркі 3,8 і 3,9 візуальнай зорнай велічыні. Гл. Зорнае неба.
т. 13, с. 272
АРО́Л (лац. Aquila),
экватарыяльнае сузор’е. Найб. яркія зоркі 0,8 (Альтаір), 2,7 і 3,0 візуальнай зорнай велічыні. На тэр. Беларусі бачны вясной, летам і ўвосень.
т. 1, с. 501
АХВЯ́РНІК (лац. Ara),
сузор’е ў Паўд. паўшар’і неба; дзве найб. яркія зоркі 2,8 і 3 візуальнай зорнай велічыні. Іл. гл. пры арт. Зорнае неба.
т. 2, с. 144
МУ́ХА (лац. Musca),
сузор’е Паўд. паўшар’я неба. Найб. яркія зоркі маюць бляск 2,7 і 3,0 візуальнай зорнай велічыні. З тэр. Беларусі не відаць. Гл. Зорнае неба.
т. 11, с. 41
РАЗЕ́Ц (лац. Caelum),
невялікае сузор’е Паўд. паўшар’я неба. Мае зоркі, яркасць якіх меншая 5-й візуальнай зорнай велічыні. З тэр. Беларусі не відаць. Гл. Зорнае неба.
т. 13, с. 258