Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

БРЫЛЬЯ́НТ (франц. brillant літар. бліскучы),

бездэфектны алмаз, штучна агранены ў выглядзе дзвюх зрэзаных шматгранных пірамід, што максімальна выяўляе яго бляск. «Поўная» брыльянтавая агранка (гл. Агранка) мае 58 плоскіх граняў. Адрозніваюцца масай (вымяраецца ў каратах, 0,2 г), формай (круглая, фантазійная, прамавугольная і інш.), вясёлкавым зіхаценнем колераў у адлюстраваным святле і інш. Каштоўны камень 1-га класа. Брыльянты выкарыстоўваюць у ювелірнай справе. Найбольш вядомыя брыльянты маюць уласныя назвы: «Вялікая Зорка Афрыкі» («Кулінан I») (530,20 кар), «Нізам» (277 кар), «Юбілейны» (245,35 кар), «Арлоў» (189,62 кар), «Дэ Бірс» (234,50 кар), «Вікторыя 1880» (228,50 кар) і інш. Больш за 95% сусветнай вытв-сці брыльянтаў прыпадае на долю Індыі, Ізраіля, Бельгіі, ПАР, ЗША.

В.​П.​Кісель.

Брыльянты «поўнай» агранкі.
Брыльянты (у палову натуральнай велічыні): 1 — «Вялікі Магол»; 2 — «Арлоў»; 3 — «Рэгент», або «Піт»; 4 — «Герцаг Тасканскі»; 5 — «Коінур» (старая форма); 6 — «Коінур» (новая форма); 7 — «Паўночная зорка»; 8 — «Сансі»; 9 — «Імператрыца Яўгенія»; 10 — «Насак»; 11 — «Паша»; 12 — «Зялёны алмаз»; 13 — «Зорка Поўдня»; 14 — «Зорка Паўднёвай Афрыкі»; 15 — «Тыфані».

т. 3, с. 276

ПА́НСКАЯ ФАНАБЭ́РЫЯ,

кветкавая расліна, гл. ў арт. Зорка.

т. 12, с. 50

БЕЛА́ТРЫКС (γ Арыёна),

зорка 2-й зорнай велічыні ў контуры сузор’я Арыёна.

т. 3, с. 71

«ЛЯЛІ́ВА»,

прыватнаўласніцкі герб, якім карысталіся каля 350 родаў Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы, у т. л. Абрамовічы, Глябовічы, Дарагастайскія, Забярэзінскія, Манівідавічы, Сяняўскія, Тарноўскія, Тышкевічы, Чапскія. У блакітным полі залаты маладзік рагамі ўгору, над ім залатая 6-прамянёвая зорка. Клейнод — над прылбіцай з каронай на паўлінавых пёрах такія ж маладзік і зорка. Вядомы з пач. 14 ст., у ВКЛ — пасля Гарадзельскай уніі 1413.

Герб «Ляліва».

т. 9, с. 422

КАПЭ́ЛА,

α Возніка, зорка нулявой зорнай велічыні; адна з самых яркіх у Паўн. паўшар’і.

т. 8, с. 37

ПО́ЛУКС, β Блізнят,

зорка 1-й зорнай велічыні, адна з дзвюх яркіх зорак у сузор’і Блізняты.

т. 12, с. 481

ІНДЗЕ́ЕЦ (лац. Indus),

сузор’е Паўднёвага паўшар’я неба. Найб. яркая зорка 3,1 візуальнай зорнай велічыні. Гл. Зорнае неба.

т. 7, с. 234

ПАЎЛІ́Н, Пава (лац. Pavo),

сузор’е Паўд. паўшар’я. Найб. яркая зорка 2 візуальнай зорнай велічыні. Гл. Зорнае неба.

т. 12, с. 206

СЕ́ТКА (лац. Reticulum),

невялікае сузор’е Паўд. паўшар’я неба. Найб. яркая зорка 3,3 візуальнай зорнай велічыні. Гл. Зорнае неба.

т. 14, с. 355

МАЛА́Я МЯДЗВЕ́ДЗІЦА (лац. Ursa Minor, бел. нар. назва Малы Воз),

каляпалярнае сузор’е Паўн. паўшар’я неба. 7 гал. зорак размяшчэннем нагадваюць коўш з ручкай. Найбольш яркая зорка — α М.М., ці Палярная зорка, 2-й зорнай велічыні — знаходзіцца непадалёку ад Паўн. полюса свету (на адлегласці каля 1°), з’яўляецца арыенцірам пры вызначэнні напрамку на Пн. 20 зорак сузор’я ярчэй 6-й зорнай велічыні. На тэр. Беларусі М.М. відаць круглы год. Гл. Зорнае неба. Іл. гл. да арт. Вялікая Мядзведзіца.

т. 10, с. 15